Беларуская English Русский

Цырк Платона

Урывак з рукапісу “Ў чорным лябірынце (у цясьнінах цырку Плятона[1])”

…Не даходзячы да самага канца шляхавой заходнясьценнай тэрасы, на якой я знаходзіўся, я раптам апынуўся ў нейкай цьмянай чарнасьценнай чатырохкутнай пяшчэры і пачаў яе аглядаць. Справа ў чорнай сьцяне ад цясьніны сьветлавацела адтуліна невялікага вузкаватага стоць[2] чатырохкутнага бязрамнага вакна.

А насупраць на роўнай гладкай чорнай падлозе ціха пасіджвала сямейка неапранутых, зусім голых бела-чырванаватаскурых лунідаў.

Большасьць гэтай, як відалася, небагатай, убогай сям’і складалася зь невялічкіх ростам — знаць, дзяцей і падуросткаў, якія, паашчэпліваўшы голымі рукамі сабе голыя калені, знаходзіліся правей у пацёмку, і каб разгледзець іхны выгляд падробна, — не давялося.

Удалося разгледзець выгляд толькі аднаго, большага, знаць, старэйшага, ростам мала меншага за сярэдняга росту зямлян, які сядзеў на асьветленым праз вакно мейсцы сярод хаты.

Па агульнаму свайму цялеснаму складу, на першы погляд, ён, бадай што, нічуць ня розьніўся ад нашых беласкурых паўнакроўных, але хударлявых зямлян.

Цела чыстае, белае, паўнакроўнае, але надта ж хударлявае, са слабаразьвітай мускулятурай.

Скура гладкая і, як відалася, далікатна-ценкая, празь якую прасьвечвалася кроў, — а праз гэтае ён і выглядаў на паўнакроўнага.

Сядзеў ён, абярнуўшыся ка мне левым бокам, ашчапіўшы сваімі худымі цянклявымі рукамі свае таксама худыя прыкорчаныя аж да падбародку калені.

Профіль галавы і твару ягонага паказаўся мне на першы пагляд зусім свойскім, зусім не такім адлюдным[3] […] Чало меў досыць высокае, адсядзістае назад.

Форма галавы пацяглавастая, адсядзістая ў патыліцу.

Вочы невялічкія, з касаватымі проразямі нарозбач, але ня кверху, як у манголаў, а, наадварот, кнізу.

Пераносіца ўгнутая. Нос караткаваты, трохкутнікам.

Вушэй, валос і шчакавых скул добра не заўважыў. Толькі адно, што добра заўважыў, што мне рэзка кінулася ў вочы, чаго нідзе ніколі ня бачыў у нашых зямлян, ані ў аднэй расе, — гэта адсутнасьць у паднасовай часьці твару губы (роту). У гэтага ж — знаць, выключнай, асаблівай расы чалавека-луніда не відалася губы. А замейсц губы з вуснамі ў ягоным падносьсі апускалася ўніз на даўгі, клінаватай формы падбародак роўна-гладкае мейсца безь ніякіх прызнакаў ані вуснаў, ані бязвуснавай губавой проразі.

А ягоны даўгі, роўны, безь ніякіх заметных выпукласьцяў, клінаваты падбародак спускаўся данізу, як быццам нейкая надточка да звычайнага падбародку.

Як бы ні дзіка, ні адмоўна, на наш зямны погляд, яны тут не выглядалі, аднак жа, усё ж ткі яны людзі. Людзі тутэйшага самабытнага луннага міру, якія тут, магчыма, што таксама, як і мы, зямляне, белыя, чарнявыя, жоўтыя, бронзавыя, чырвоныя, карычневыя ды чорныя, — таксама дзеляцца калі не на каляровыя, то на разнародныя, разнавыглядныя расы.


  1. Цыркамі на Месяцы называюцца круглыя раўніны, акаймаваныя кальцавымі горнымі хрыбтамі. Цырк Платона знаходзіцца крыху вышэй за так званае Мора Дажджоў і ў дыяметры дасягае амаль 100 км.
  2. Вертыкальна.
  3. Тут — у значэнні “дзікі”, “нялюдскі”.