Беларуская English Русский

Вершы пра Драздовіча

 
Язэп Драздовіч
У тую ноч,
як на начлег спыніўся
Хрыстос у пунькаўскім глухім засценку,
Ў гаспадароў Язэпка нарадзіўся.
І каб суцішыць парадзіхі енкі
І плач дзіцяці, ён са свайго клунка
Сыпнуў у люльку
шчодрыя дарункі.
Яны, відаць, і памаглі малому
У нашым краі з часам стаць вядомым,
Уладаром зачараваных фарбаў,
Збіральнікам свайго народа скарбаў
І непаўторным самавітым творцам,
Вандроўнікам
па космасе
бясконцым,
Які раней за ўсіх Калумбаў свету
На многіх перагасцяваў планетах.
Там і цяпер, напэўна, знайсці можна
Яго сляды:
ці то пейзаж забыты,
Ці то замыславаты кій дарожны
З біклагай ратавальнай акавіты.

Максім Танк



***
Язэп Драздовіч –
Павятовы Мікеланджэла
Знаёмы быў з Сатурнам і з Ярылам.
А доле
Па-скупечы доля ўсмешку важыла,
Не дазваляла развінуцца крылам.

І ён, адкопваючы замчышчы й паганішчы,
Вяртаў дамоў крывіцкі дух забраны.
Пусты булён
На посным вогнішчы таганячы,
Стаяў каля апостальскае брамы.

Ніжэліся пад мастаковымі паглядамі
У церамы Ўсяслававы парогі.
Драздовічавымі кілімамі пулятымі
Усланы ў беларускі дзень дарогі.

Рупліўка ластаўка вяшчуе дзень,
Гняздо ўючы,
І праллі лёсу натамляюць верацёны.
Язэп і хлеб
Перагукаліся Драздовічу.
Духоўны стаў
Ягоны хлеб надзённы.

Рыгор Барадулін



Споведзь калосся
Язэп Драздовіч выразаў кійкі,
Як посахі вяртання да вытокаў.
Намацаўшы карэння вузлякі,
Сягае вольна думка да аблокаў.
Разьбярства цвёрдасць трэба для рукі.
Не баючыся кпін, ані папрокаў,
Вандруюць мастакі, як жабракі,
Каб пасля смерці ўзняцца да прарокаў.

З засценка Пунькі – царства бацяна –
Відаць Сусвету зорная сцяна,
Трысцен, дзе скарб вякоў ляжыць забыта,
Руіны Крэва, дрэва таўсціна
Таго, якому жаліцца струна.
Для споведзі калосся спее жыта.

Рыгор Барадулін



Маналог Язэпа Драздовіча
Вяльможны лес. Дубы-машэкі
прыспалі рэха даўніх дзён,
а ў нетрах Велесавы рэкі
збіраюць ручаёвы звон.
 
Стыхія спіць, і толькі зрэдку
дзевяцісотгадовы зубр,
яцвяжскае загубы сведка,
рыкае ў дзевяць срэбных труб.
 
Жалобны рэквіем зубрыны
на мой
         народ
                  наводзіць сум...
I каб не ўмерці — ручаіны
жабруюць па лясох расу,
бы я сцяжынаю жабрачай,
а думы — пра адвечны шлях —
там крыўская Пагоня скача,
і німб над ёй, як зорны шлях.

Анатоль Сыс



Балада Язэпа Драздовіча
Па Беларусі ў світцы белай,
У пыле зорак і дарог
Ідзе, задумны, пасівелы,
Вандроўнік – мудрых фарбаў Бог.
Чароўны кій вядзе па свеце,
А родны край як родны дом.
– Дзівак! – з яго смяецца вецер. –
Усё што зробіш – стане тлом!
Сядзеў бы дома і партрэты
Жанкам вясковым маляваў,
Меў торбу б грошай ты за гэта,
І не балела б галава
За мову мужыкоў тутэйшых.
Дзівак! Ты верыш у сусвет!
Хапала ў свеце разумнейшых.
Ды дзе яны? Усе ў траве.
Чужых дзяцей любіць – прыгожа.
А дзе свае? Маўчыш, стары?
Павалішся – а хто ж паможа
Устаць? Загінеш без пары!
Не слухаеш – то не разумна!
Хаця ідзі, раз выбраў шлях.
Твой шлях зямны – цяжкі і сумны,
Твой лёс – як поле ў камянях…
А ён, рукой махнуўшы, смела
Свой кінуў цень на крыж дарог
І ў люд пайшоў па Русі Белай,
Вястун, паэт, мастацтва Бог.

Віктар Шніп



Драздовіч хадзіў па палях тваіх цёмных, Айчына...

Драздовіч хадзіў па палях тваіх цёмных, Айчына,
І падалі зоры, і Папараць-кветка палала,
І Чорная Плачка, найлепшая ў сьвеце жанчына,
Над ім нахілялася, ціха яго цалавала.

Хадзіў Караткевіч па цёмных палях Беларусі.
І з кожнай крыніцы ўсплывала маленькая зьнічка,
І заяц сьмяяўся, былі туманы як абрусы,
І проста па іх каралеўскі скакаў паляўнічы.

Хадзіў Ермаловіч сьцяжынкамі цёмнымі краю.
І над курганамі ўставалі харугвы на золку,
І племя радзімічаў князь у ладзьдзі адпраўляўся
Да зыркіх Плеядаў, да самага сонцава вока.

Мы ходзім штодня па дарогах абранай краіны.
Мы ходзім, нібыта балотны агеньчык сьлізгае.
І падае ў нашы далоні ліст вузкі асіны,
І чорная поўня, як вока чужое, міргае.

Людміла Рублеўская

Маналог Язэпа Драздовіча
Людцы, дзякуй за хлеб,
Вы мяне шанавалі.
Я – Драздовіч Язэп,
Вы пазналі?
Задыхаўся і слеп,
Бо тварыў апантана.
Я – Драздовіч Язэп,
Што маё захавана?
Так мяне не стае – 
Голаў хіліце нізка?
А карціны мае
Каля сэрцайка блізка?
Я – нічый без патрэб
Па Ляплянках блукаю.
Я – Драздовіч Язэп,
Я шапчу, я гукаю:
– Людцы, дзякуй за хлеб,
Абавязан вам хлебам.

Я – Драздовіч Язэп – 
Не адзіны пад небам.
Габелен сінявы –
Колькі таленту, божа!
Я вас помню, а вы?
Успамянеце, можа…

Алесь Жыгуноў