Беларускі “небазнаўца”
Астранамічныя даследаванні Язэпа Драздовіча, бадай, самае неверагоднае, самае цікавае і невядомае з усёй яго літаратурнай спадчыны. У 1931 годзе ў Вільні за ўласныя грошы ён выдае невялічкім накладам “Нябесныя бегі” – пазнавальную кнігу па астраноміі на беларускай мове. Да гэтага часу кніга застаецца ўнікальным выданнем у Беларусі на роднай мове па астранамічных ведах. Мне вядома ўсяго чатыры экземпляры гэтай кнігі. Асаблівую каштоўнасьць выданню надаюць 16 астранамічных лінарытаў, створаных мастаком. У 1932-1934 гадах Я. Драздовіч жыве ў Вільні, дзе піша свае астральныя вандроўкі на планеты Сонечнай сістэмы. Захавалася каля 20-ці запісаў ягоных астральных вандровак на Месяц, Венеру, Сатурн, пазначаныя ім “У чорным лабірынце”, “У мурах Трывежу”, “Краіна Аўрыя” ды іншыя. Невялічкая частка з астральных вандровак змешчана ў “Дзённіку” Я. Драздовіча, які ў скарочаным выглядзе друкаваўся ў часопісе “Маладосць” на пачатку 1990-х гадоў. Шкада, што беларусы не маюць магчымасці пачуць гэтыя незвычайныя таемныя словы астральных снавідкаў. Таму праз семдзесят гадоў далучымся трошачку да гэтых касмічных цудаў і мы, каб пабачыць разам з Язэпам Драздовічам “пласкатварных лунідаў” (жыхароў Месяца), якіх ён сустрэў у цырку Платона на Месяцы:
“Адчаліўшыся думкавым зрокам ад гэтай высокай тэрасістай скалы з плоскатварымі лунідамі і перанёсшыся на супрацьлежную старану яру гэтай цясьніны, я апынуўся як раз на тым мейсцы на тэрасе, дзе раней перад гэтым бачыў уцякаючых з калідорнай цясьніны круглагаловых. А зрабіўшы рух уздоўж гэтай тэрасы, я напаткаў і тут яшчэ аднаго плоскатварага.(…)
Ён прадстаўляў сабою нейкую адасобленую, відочна халоднакраінную одрубную паўночную расу людзей тутэйшага луннага міру, якія па агульнацялеснаму складу і колеру скуры, апроч свайго безпадбародкавага плоскага твару, бадай што нічым ня розніліся ад нашых беласкурых паўночных жыхароў Эўропы. Але з нявідочнаю губай твар ягоны, які з анфасу быў падобен на паўдзённую часьць Афрыкі або на Індостан, а з профілю на паўдзённую Амэрыку з Аргентынай і Чылі ў ськвіцах губы, вытвараў уражаньне на мяне сваім “безгубым” тварам, такое, якое мог бы вытварыць на кожнага з нас твар белага чалавека земляніна з гладка апунтырованным носам. Адным словам, бязносы.
Што да геаграфічнага мейсцазнаходжаньня апісанага мною тут горнага цырку і ягоных цясьнін-лябірынтаў, магу дадаць толькі адно, што знаходзяцца яны, як мне адчувалася, на паўночнай паўкулі Месяца, непадалёку асяродкавага мэрыдзіану, на поўнач да экватару, на абернутай да нас старане”.
У 1937 годзе Драздовіч завяршае свае “Бяседы аб утварэньні сьвету. Дзе мы і хто мы. Небазнаўства”. Па сутнасці гэта філасофская праца пра наяўнасць жыцця ў сусвеце. Такім, якім уяўляў яго беларускі “небазнаўца”. Тут ёсць і накіды “шматнабойнай касьмічнай тарпеды, на якой зямныя турысты паляцяць на Месяц”, і апісанне ландшафтаў і гарадоў на Месяцы, Венеры, Марсе, Сатурне. Кожная касмічная раса на гэтых планетах мае свае адметнасці ў фізіялогіі, як і навуковых і філасофскіх здольнасцях, якія перадае нам аўтар “небаведы”. У небазнаўчых дыялогах аўтар цікава перадае складаную навуковую астранамічную інфармацыю, заўсёды знаходзячы жыццёвыя прыклады для ўяўлення астранамічных працэсаў. Так у раздзеле “Як утварыліся планеты і каметы” Я. Драздовіч піша:
“Для вобразнасці я прадстаўляю камету, як даўжэзную лусчатую рыбіну. Галава з ядром каметы – гэта галава рыбіны, а разпарашоныя ў ейным хвасце раі метэарытаў – гэта луска. Чым бліжэй да галавы, тым большая луска, а на самым хвасьце – самая найменьшая. (…) Камета плывець да Сонца (праз узаемацяжнасьць з апошнім) ядром ці галавой наўперад, а адплываець ад яго хвастом наўперад, а галавой з ядром, якая ўзаемацяжнічаець да Сонца – назад, у бок помінулага Сонца. Бо Сонца дзеіць на ядро ў шмат разоў мацней прыцягам, як на ту дробязь, што знаходзіцца па-за ядром у хвасьце. Бо меньшыя целы слабей падаюцца ўзаемацяжнасьці вялікімі”.
Але ж самае галоўнае з астранамічных захапленняў “аматара тэарэтычнай астраноміі” – гэта ягоная Тэорыя паходжання планет Сонечнай сістэмы, напісаная ім у 1930 годзе. Паводле касмалагічнай тэорыі Я. Драздовіча, “нашая Зямля ўтварылася не ад Сонца, а паходзіць яна з парназоркавай сістэмы ў пары з Марсам, якая знаходзілася дзесьці ў неадведанай далі, пакуль не была захопленая прыцягам Сонца ў сваю сістэму… Зямля ўспала на арбіту Месяца, які стаў спутнікам Зямлі… а Марс успаў на арбіту побач з арбітай Зямлі”.
У 1930 годзе Я. Драздовіч выказаў думку, што “раней Сонечная сістэма састаяла толькі з адных несамакрутных планет (такіх, як Венера, Месяц), а самакрутныя планеты зьявіліся пазьней з парназоркавых сістэмаў, якія былі захопленыя Сонцам у сваю сістэму”. Парназоркавасць сістэм Зямлі і Марса Я. Драздовіч абгрунтоўваў іх аднолькавым часам самазвароту вакол сваіх восей (24 гадзіны) і аднолькавым нахілам восей. Прыблізнае фізічнае падабенства (з некаторай доляй сумнення) аўтар знаходзіў і ў “былых парназоркавых планетах”, да прыкладу, у Сатурна і Юпітэра, Урана і Нептуна. Я. Драздовіч меркаваў, што на Месяцы існуе вада, а зьмены фазаў Месяца непасрэдна ўплываюць на землетрасенні, прыродныя катастрофы на Зямлі. Заслугоўвае ўвагі і гіпотэза аб наяўнасці ў космасе “ператваральных зон”, што “амаложваюць” уляцелыя ў іх “старыя” зоркі, ператвараючы іх у “новыя” (ці ж не набліжэнне гэта да сучаснай тэорыі існавання ў космасе “чорных дзір”!)... Паводле Драздовіча, цывілізацыя на Зямлі ўзнікла з дапамогаю іншых касмічных цывілізацый – ягоная філасофская карціна “Космас”, завершаная ў 1943 годзе, з'яўляецца мастацкім увасабленнем касмічнай ідэі, дзе кіруе Вышэйшая сіла.
Жывапісныя і графічныя творы Язэпа Драздовіча на касмічную тэму здзіўляюць не толькі незямной архітэктурай гарадоў на Месяцы (“Панарама горада Трывеж”, “Падземны тунель на Месяцы”), але і іх спалучэннем з вельмі знаёмымі нам старажытнаславянскімі, старажытнагрэцкімі ці паўночнаамерыканскімі архітэктурнымі формамі (“Умацаваны горад Аргентон”, “Артаполіс – горад рамёстваў” ды іншыя); незвычайнымі ландшафтамі садоў і каналаў на Марсе, астранамічнымі будынкамі і непадобнымі на зямлянаў тварамі жыхароў Сатурна (“Сустрэча вясны на планеце Сатурн”, “Абсерваторыя на Сатурне”, 1930-я гады).
“А што датычыцца “агульнага бацькі народаў Зямлі”, то я назваў бы такім бацькам ні легендарнага біблейскага Адама, а саму Прыроду, якая і на іншых планетах нашай Сонечнай сістэмы бадай што такая самая, як у нас на Зямлі, з такім самым творчым поступам,” – піша Драздовіч у сваёй працы “Небазнаўства”.
Беларускі “небазнаўца” марыў аб заканчэнні войнаў – “самага вялікага зладзейства на Зямлі” – і прапаноўваў вызваленыя ад вайны сродкі накіроўваць на будаўніцтва школаў, бальніцаў, музеяў, астранамічных абсерваторыяў… на падрыхтоўку да “міжпланетарных падарожжаў, перш за ўсё на Месяц” (“Дзёньнік” Я. Драздовіча 1933 год).
Пакуль беларусы не асэнсавалі веліч і значнасць філасофскіх роздумаў і мастацкіх твораў “беларускага Леанарда да Вінчы”, як называў Я. Драздовіча ягоны сябра, мастак П. Сергіевіч. На мойліст, дасланы ў рэдакцыю часопіса “Земля и Вселенная” пры Акадэміі навук Расіі ў 1989 годзе я атрымаў адказ: “калі б працы Я. Драздовіча былі надрукаваныя ў пачатку 1930 года, то яны былі б не менш цікавыя для гісторыі астраноміі, чым вядомая ў той час касмалагічная тэорыя Джэфрыса-Джынса”. Пазней мяне запрасілі ў Маскву ў астранамічны інстытут імя Штэрнберга на міжнародную канферэнцыю па астраноміі, дзе я зрабіў даклад “Язэп Драздовіч – аматар тэарэтычнай астраноміі”. Прыемна, што імя Я. Драздовіча зацікавіла вучоных, а ягонае імя ёсць сёння ў міжнародным зборніку астранамічных даследаванняў.