Сусвет Язэпа Драздовіча
29 лістапада а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё новага раздзела пастаяннай экспазіцыі — “Сусвет Язэпа Драздовіча”.
Пастаянная экспазіцыя ў зале беларускага мастацтва канца ХІХ — першай паловы ХХ ст. пашырана жывапіснымі і графічнымі працамі Драздовіча з фондаў музея (некаторыя з якіх раней увогуле ніколі не выстаўляліся), а таксама дзвюма тактыльнымі карцінамі, прызначанымі для людзей з парушэннямі зроку.
Акрамя таго, у інфакіёску ў пастаяннай экспазіцыі і на афіцыйным сайце Нацыянальнага мастацкага музея размешчаны віртуальны архіў-музей Язэпа Драздовіча, дзе робіцца спроба максімальна поўна прэзентаваць творчасць гэтага аўтара. Працы мастака захоўваюцца ў розных музеях і бібліятэках у Беларусі і за мяжой, шмат якія ніколі не экспанаваліся, некаторыя нават не рэпрадукаваліся і не вядомыя не толькі шырокай публіцы, але і спецыялістам. Віртуальны архіў-музей прадставіць раней не даступныя творы Драздовіча і паглыбіць уяўленні пра яго шматгранную спадчыну.
Цэнтральнае месца ў новым раздзеле экспазіцыі і ў віртуальным архіве-музеі займаюць працы Язэпа Драздовіча, прысвечаныя космасу. Шматлікія творы “касмічнага цыклу” (графіка, жывапіс, а таксама надзвычай цікавыя тэксты) — фенаменальная з’ява не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай культуры. Захапіўшыся астраноміяй, мастак пачаў начамі, у сне, здзяйсняць “астральныя падарожжы” на далёкія зоркі і планеты. Усё ўбачанае на Месяцы, Марсе, Сатурне, Венеры — прыроду, гарады, жыццё іх насельнікаў — Драздовіч замалёўваў — увасабляў у графіцы і жывапісе, — а таксама апісваў у дзённіках і ў адмысловых сшытках, большасць з якіх захоўваецца за межамі Беларусі. Мастацкія творы і тэксты касмічнай тэматыкі непарыўна звязаныя, узаемадапаўняльныя. У тэкстах падрабязна вытлумачваецца многае з таго, што адлюстравана ў графічных і жывапісных працах мастака. І віртуальны архіў-музей дае магчымасць спалучыць мастацкія творы Драздовіча, прысвечаныя космасу, і адпаведныя ўрыўкі з яго тэкстаў.
Новы раздзел пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у тым ліку віртуальны архіў-музей — падарожжа ў чароўны, неверагодны сусвет Язэпа Драздовіча будзе сапраўдным падарункам для прыхільнікаў яго творчасці, якіх вельмі шмат і ў нашай краіне, і за мяжою. А для кагосьці гэта стане адкрыццём, хтосьці пашырыць свае ўяўленні не толькі пра творчасць гэтага мастака, але і, магчыма, пра кірункі развіцця беларускай культуры ў цэлым.