Яшчэ ў Менску Драздовіч загарэўся думкай стварыць серыю графічных малюнкаў, якія б расказалі пра жыллё далёкіх продкаў, а заадно і пра іх саміх. Ужо ў 1920 годзе мастак малюе аркушы «Хаты-буданы», «Тып старадаўняй беларускай будоўлі», «Гарадзецкая брама», «Стажары», «Вежа Празор». Большасць з іх пазначаны сапраўдным творчым пошукам, мастацкім густам.
Распачатую ў Менску серыю Драздовіч заканчвае ўжо ў Лявонаўцы, пад Германавічамі, ды ў Прапелеўшчыне, на ўскрайку пушчы, што калыхала яго дзіцячыя сны. Цяпер нетры Галубіцкай пушчы, яе краса будзілі фантазію мастака. Разам з сінім разводдзем лясоў, іх вячыстым гоманам хлынулі ў душу яго вобразы далёкіх продкаў.
На нейкі час Драздовічу нават здалося, што яго мастацтва не так прыдатна, каб перадаць ва ўсёй паўнаце і падрабязнасці падказанае ўяўленнем — шырокае гістарычнае палатно падуладна толькі, мабыць, мастаку слова. Апантаны ідэяй гістарычнай аповесці, ён адкладае ўбок пэндзаль, разец і бярэцца за пяро з думкай расказаць у кнізе аб далёкіх продках, насельніках Галубіцкай пушчы, што жылі на подступах да гістарычнага Полацка.
Арсень Ліс. Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча