Беларуская English Русский

Космовизии

Фантастические пейзажи Луны, Сатурна, Венеры и др., схемы движения небесных тел

Захапленне Язэпа Драздовіча астраноміяй пачалося ў 30-я гады, у Вільні. Але яшчэ ў гады навучання ён расказваў маці пра нябесную сферу, намаляваную на скляпеннях Віленскай бібліятэкі, пра знакі планет... «Вучыся і пазнай нябесныя бегі, — сказала яна сыну аднойчы. — Светабудова — ці не найвялікшая гэта з таямніц?»

Цяпер, маючы шмат вольнага часу, мастак паспяшаўся ў бібліятэку, пад скляпенні, што ўражвалі ў юнацтве партрэтамі старажытных вучоных, нябеснай сферай, знакамі планет. Прагна накінуўся на астранамічную літаратуру.

Чытаў запоем. I чым болып паглыбляўся ў навуковую літаратуру, тым мацнейшай рабілася яго вера: чалавек можа, павінен зазірнуць у сусвет, ступіць на іншыя планеты.

Позна вечарам, узбіраючыся па рыпучай лесвіцы на свой паддашак у прадмесці Вільні Ліпаўцы, мастак з шчымлівай радасцю чакаў новых сноў. У іх пакідаў сваю цесную каморку, пагружаны ў сон горад, усю родную спаконвечную пакутную і такую дарагую зямлю і пераносіўся на далёкія планеты. Там у сне блукаў па нейкіх дзіўных краінах, з загадкавымі, таямнічымі краявідамі, збудаваннямі, нябачанымі раслінамі і жывымі істотамі. А раніцай запісваў бачанае ў сне, падпраўляючы яго навуковымі ведамі. Так старонка за старонкай паўставала фантастычная аповесдь жыцця на Месяцы...

 

Вясной і летам 1931 года Язэп Драздовіч напісаў шэраг карцін на касмічныя тэмы: “Падкружнікавы краявід на плянэце Сатурн”, “Астранамічная абсэрваторыя на брылявіку”, “Касмаполіс”, “Сатурнянка” і іншыя. У канцы 1931 года мастак выдаў у Вільні брашуру “Нябесныя бегі”, у якой на падставе скурпулёзных падлікаў імкнуўся высветліць пытанні, звязаныя з вярчэннем Зямлі. Асобна спыніўся на абручах Сатурна, які лічыў самай цікавай планетай Сусвету.

Зімой 1931—1932 гадоў Язэп Драздовіч напісаў працу “Гармонія плянэтаў Сонечнае сыстэмы”. Рукапіс адаслаў у Акадэмію навук БССР і суправадзіў яго лістом:“Магчыма, што для Акадэміі навук такое пытаньне, скуль сьвет паўстаў, паўстала гэта зямелька, на якой мы жывём, і гэта ўсяяснае зорнае неба, зусім неактуальнае, але для мяне, як аўтара, які знайшоў сваё тлумачэньне паходжаньня плянэтаў Сонечнае сыстэмы і іх самакручэньня, а таксама гармоніі руху плянэтаў, для мяне гэта вельмі паважная рэч...”

Гэтую сваю працу Язэп Драздовіч лічыў найбольшым здабыткам усяго свайго жыцця. Пісьмо ў Акадэмію навук ён закончыў такой думкай: “Кожная адкрытая навуковая ісьціна, хоць бы нават у выглядзе ўдалае гіпотэзы, робіць гонар ня толькі той навуковай установе, якая налажыла на яго сваю апрабату, але і цэламу краю, і таму народу, зь якога яна выйшла”.

Тым часам жылося мастаку, у матэрыяльным сэнсе, у гэты час надзвычай цяжка. У сваім дзёньніку 1 студзеня 1933 году ён запісаў: “А працы на хлеб ніадкуль нідзе не чуваць. Сам ня ведаю, як жыць, што далей будзе. Надвор'е пахмурнае, акно нізкае, у хаце цёмна і цесна. Думаў узяцца за маляваньне, ды немагчыма. Дзень кароткі, ды і той нельга выкарыстаць”.

Але і ў гэты цяжкі час мастак не адмовіўся ад сваіх іншапланетных “падарожжаў”. Пісаў усё новыя раздзелы фантастычных аповесцей: “З жыцьця на Месяцы”, “Трывеж”, “Арыполь”, “Краіна дымнага неба”. Язэп Драздовіч бачыў усе жудасці, якія адбываліся ў свеце, але не траціў надзеі, што чалавецтва адумаецца, у рэшце рэшт апамятаецца.

“І прыйдуць часы, калі бальшыня жыхароў нашай плянэты адмовіцца ад учасьця ў войнах, адмовіцца ад гэтага штучна ўзаконенага сярод вякоў сільнымі сьвету праз уладу сваю над людзьмі вялікага зладзейства, піхаючага цэлыя мільёны людзей на забойствы. І ўсю тэхніку з навукамі абернуць не на паслугі гэтаму зладзейству, а на добрае дзела. Не на праліваньне крыві, калецтва, асірочваньне (...), не на ламаньне касьцей, руйнаваньне ды падпальваньне будынкаў, ніштожаньне дару Божага, хлеба ды розных расьлін (...). А на адваротнае. На падтрыманьне жыцьця, каб яно было здаровым, высокакультурным, добрым, разумным і прыгожым” (Язэп Драздовіч).

У 1935 годзе Драздовіч напісаў касмічныя палотны “Піянеры Зямлі на Месяцы” і “Каналы Марса”.

У адначассе Язэп Драздовіч вельмі любіў і ўсё жывое, што ёсць на Зямлі. У гэтым сэнсе ягоныя погляды перагукаюцца з экалагічнымі поглядамі Дубейкаўскага. І, мабыць, таму нараджаліся такія вось разважаньні пра грэх:

“Грэх у грамадзкім значэньні — зрабіць некаму зло альбо сьвінства. (...) А забіваць невінаватых жывёлаў на агульнапрынятых паляваньнях ці ловах — гэта ня грэх, а забава. А па-за гэтым павесіць на кол жывую варону, каб гэтым адстрашыць варонаў-шкодніцаў — таксама ня грэх? Рабіць з жывой вароны расьпятага мучальніка... Вісяць дзьве такія замёрлыя высахшыя “мучаніцы”. “Нашто гэта, цётка, — кажу, — варон сушыш? Ці не дзеля дажджу, каб яго не было?..”

У 1948—1950 гадах Язэп Драздовіч напісаў манаграфію “Тэорыя руху ў касмалягічным значэньні”. Гэта плён яго роздумаў над гармоніяй руху планет.

У 1948—1952 гадах ім напісаны шматлікія артыкулы на касмічныя тэмы: “Экліптыка”, “Як утваралася наша Сонечная сыстэма”, “Аб тэлескапічным і мікраскапічным Сусьвеце”, “Эфір і безэфір'е” і іншыя.

Памёр Язэп Драздовіч у 1954 годзе, за тры гады да запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі.

“Вы пра мяне яшчэ згадаеце...” — сказаў незадоўга да сваёй сьмерці Язэп Драздовіч. Беспрацоўны і бяздомны вандроўнік-мастак паміраў у чужой хаце ў поўным забыцці. Але ён меў рацыю — узгадалі. Пасля дзесяцігоддзяў нябыту...

    Крыніцы:

  1. А. Ліс. Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча
  2. С. Харэўскі Мастакоўская літаратура. Літаратурная дзейнасьць мастакоў і дойлідаў ХХ ст. – Лекцыі для Беларускага калегіюму (філязофія/літаратура) (тэкст цалкам)