Беларуская English Русский

Этнография

Зарисовки нарядов, крестов, сельскохозяйственных строений и предметов быта

Этнаграфічная спадчына Язэпа Драздовіча захавалася ў сотнях малюнкаў, жывапісных і скульптурных кампазіцый, у аўтэнтычных рэчах матэрыяльнай культуры, сабраных падчас навуковых экспедыцый, творчых вандровак, археалагічных раскопак.

Раскіданыя па розных музеях, бібліятэках, архівах, бібліятэках, прыватных калекцыях, падстрэшшах сялянскіх хат Дзісеншчыны, яны ўяўляюць саой неацэнны скарб у вывучэнні беларускага дойлідства, народнага касцюма, прылад працы, рэчаў хатняга ўжытку і многага іншага, што выяўляе самабытнае аблічча беларускага этнасу не толькі першай паловы ХХ, але і ўсяго ХІХ стагоддзя.

Самае каштоўнае ў этнаграфічнай спадчыне Язэпа Драздовіча – калекцыя аўтэнтычнага народнага адзення, галаўных убораў, сабраных для Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, а таксама дакументальныя замалёўкі народных тыпаў, архітэктуры, рэчаў матэрыяльнай культуры, зробленыя падчас экспедыцый на Палессе, Наваградчыну, Дзісеншчыну. (…)

Ідэя заняцца вывучэннем і зборам народнага касцюма, рэчаў сялянскага побыту прыйшла да Язэпа Драздовіча ад слыннага грамадскага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху Антона Луцкевіча. Прадаўжаючы распачатую братам Іванам справу стварэння Беларускага музея ў Вільні, Антон стараецца як мага паўней і глыбей адлюстраваць усе бакі духоўнай патэнцыі беларускага люду, яго імкненне да самавызначэння. (…)

Па просьбе Антона Луцкевіча, летам 1926 года Язэп Драздовіч накіроўваецца ў самую глыбінку Беларусі – Пінскае Палессе, яго Зарачанскую частку. Менавіта там у чысцюткім выглядзе захаваўся традыцыйны жыццёвы ўклад беларускай вёскі, народны абрадавы касцюм, дахрысціянскія вераванні і абрады.

Арсень Ліс у кнізе “Вечны вандроўнік” згадвае цікавыя ўспаміны вядомага беларускага журналіста Яна Багдановіча, запісаныя ў канцы 1970-х гадоў у Вільні, пра лекцыю Драздовіча ў беларускай гімназіі, прачытаную паводле экспедыцыі на Палессе. “Мастак тады толькі што вярнуўся з Палесся, куды ездзіў па камандзіроўцы Беларускага навуковага таварыства. Перапоўнены ўражаннямі, сакавіта, з захапленнем, якое перадавалася слухачам, апавядаў пра самабытнае драўлянае дойлідства палескай зямлі, пра багатую каляровую гаму ўбораў палешукоў, іх распеўныя песні. Пры гэтым паказваў замалёўкі вясковых цэркваў, званіц, капліц, гожых формамі, паэтычных у сваёй адзіноце”. (…)

У рукапісах Драздовіча захоўваецца шмат інфармацыі пра розныя сферы жыцця і побыту беларусаў. Адну з каштоўных для этнографаў, якая тычыцца мастацкага аздаблення надмагільных насыпаў на могілках у вёсцы Сталіца Шаркаўшчынскага раёна, прывядзём. Перад вядомым святам “Дзяды” жанчыны вёскі ідуць на мясцовыя могілкі прыбіраць магілы, “адны садзілі касачы, а другія абладжвалі іх, абсыпаючы жоўценькім пясочкам, а на пяску высыпвалі сухім і сыпкім, як парахня, чарназёмам рознавыглядныя рысункі крыжаў, абмаляваныя геаметрычнага характару арнаментацыямі. І блізка што чуць не ўсе магілкі былі такім спосабам упрыгожаны”.

Не абышоў увагай мастак-этнограф і народнай гаворкі. Паводле кнігі А. Ліса “Вечны вандроўнік”, “асобныя словы цікавілі Драздовіча як назвы тых або іншых прадметаў, рэчаў, паняццяў, а таксама як дыялектныя адхіленні ад агульнабеларускіх норм”.

    М. Раманюк Язэп Драздовіч – этнограф і збіральнік // Язэп Драздовіч - асоба, творчасць. Мастацтва – інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канферэнцый / Уклад. В.Лабачэўскай. - Мн.: БелІПК, 1997.