Беларуская English Русский

Жыццё на Месяцы

Абразкі жыцьця на Месяцы ў храналягічным парадку

Урывак з рукапісу “Жыцьцё на Месяцы”
Вільня, восень 1932 г.

Калі і што дзе віджана

І

У Маладзіковай краіне, на поўнач ад экватару, каля вялікай круглай цёмнай плямы над левай броўю ілюзійнага Месяцавага ліку[1].

Пясочнага колеру сьцега-дарожка, каля дарожкі парослы дробнаю травою ўзьмежак, па-над узьмежкам разьмяжованая пад простую лінію мяжою ніва, парослая дзівочнымі нізкарослымі расьлінамі.

Справа ад мяжы парасьнік чырвонабылістай, з гарахавастым цёмна-зялёным лісьцьцём, — як нешта падобнае да нашага палявога, што расьцець па ўзьмежжу жвіраватага ніўя, — чарнабыльніку.

А зьлева ад мяжы шарава-зеленькавая густавятлістая парасоніста-вершалістая расьліннасьць, вышынёю як у мэтар, прыпамінаючая японскія вазановыя карліковыя хвоі.

ІІ

Шырокая — з аранжавымі грунтамі ды шэра-зеленькавымі плямамі на ім — раўнядзь. Даль сьцеліцца адкрытай аж да гарызонту. А па гэтай раўнядзі там ды сям малююцца вузкаватыя роўналінейныя рыжаватага колеру дарожкі.

Колер неба ўгарэ шэра-стальны і як быццам пацягнуты лёгкай павалокай бураватага дыму. Колер жа неба на небасхіле — невысокай вузкаватай стужкай над гарызонтам — бледна-серабрысты.

Сьвет Сонца, якое сьвяціла з 30 % вышыні, — бледны, белы, яркі, але бескалёрны.

Зьлева на воддальлі цягнулася ў даль, на поўнач, невысокай, але стромаю сьцяной голая, уцёсістая, чорна-сызаватая гара.

ІІІ

У адным мейсцы гэтага чорнага, як смоль, і з сызаватымі плямамі ад сьвятла Сонца скалістага стоць[2] адкосістага горнага валу чарнавацела на прыслані нейкая трохкутная нара ўваходу, які вёў, як відалася зблізку, пад гару ў нейкую пяшчэру. А насупраць уваходу ў гэтую пяшчэру красаваўся гарод, густа засаджаны нейкай нізкарослай буйналісьцястай гароднай расьлінай.

Колер лісту гэтай расьліны — як у націны нашых буракоў, цёмна-зялёны, чырванаваты. А форма лісту — як у нашага хрэну.

ІV

Непадалёку тэй чорнай пяшчэры сярод роўнага поля стаяла нейкая кубавастая печ, як нешта ў родзе наськай кухоннай пліты. А над гэтаю печчу стаяла, нахінуўшыся, апранутая ў даўгую, аж да долу, жаночую шэрую вопратку таўстакаватая нізкаватага росту чалавечая фігура. На станцыі “Ariapolis”. 1932

А прыгледзеўшыся бліжэй, удалося заўважыць толькі адно, як таўставатыя цёмназагарнага або засівярэўшага колеру поўныя рукі гэтай фігуры з асьцярожна-павольным лянівым рухам перанасілі трыманы ў правай руцэ нейкі з авальна-пласкаватым дном цёмна-шэры коўш зь нейкім празрыстым ружаватым полымем бяздымнага агню.

Коўш гэты па выгляду свайму прыпамінаў нашыя старасьвецкія шыракадонныя славянскія бражныя каўшы. А выкут быў гладка і ценка зь нейкага бліскучага цьмяна-сіваватага мэталу, прыпамінаючага нашую плятыну. Як выглядала з адобы[3] свайго твару гэтая чалавекападобная асоба, — так і не ўдалося заўважыць.

Нябаўна[4], празь нейкую хвіліну, непадалёку першай асобы зьявілася і яшчэ другая, падобная ей. Яна прынесла ў руках сваіх два невялічкія чырвоныя, знаць, гліняныя жбанкі зь нечым і, паставіўшы іх на зямлю, выпрасталася і растапырыла рукі.

Апранутая яна была, як відалася, у нейкую цьмяна-шэрую, быццам суконную, даўгую, аж па пяты, сарочку зь нешырокімі рукавамі, безь ніякіх упрыгожаньняў.

На галаве сваёй, як заўважалася мільгам, здаецца што мела нейкі цёмна-шэры капішон. Але твару ейнага, які быў зацянёван ад сонца капішонам, разглядзець не давялося. А давялося разгледзець толькі некаторыя асаблівасьці ейнага складу. Росту невялікага, каля двух аршын вышынёй. Стан умеркаваны. Рукі караткавыя, таўставатыя. Далані рук шырокія, караткавыя. Пальцы таксама караткавыя, з шыракавата-пласкаватымі канцамі і мала розьнючыя між сабой па даўжыні. Цэвачныя суставы паказаліся мне занадта тоўста-выпуклястымі, гузаватымі на адваротнадалоннай старане.

У рухах ейных адчувалася нейкая марудна-лянівая нясьпешнасьць. Бо й пашто рабіць хуткія рухі — сьпяшацца, — будучы лунідам. Дзень вялік, аж цэлага паўмесяца дзень. Усялякую работу зрабіць да вечара — пасьпееш. Няма чаго й сьпяшацца, а тым болей з самай раніцы.

V

Тут жа, непадалёку гэтай кухні, стаяла на зямлі нейкая пасудзіна, а над ёю нейкі сівавата-шэранькі зьвярок, велічынёю з нашую лісіцу, — заняўшыся ежай. З галавы і морды ён быў падобен да нашага ката. З кругла-лапушыстых вушэй — на нашую абязьяну галаго. А са сьпіны і шэрсьці — на маладога ваўчанёнка.

VI

Задаўшыся пытаньнем: з чаго і чым яны тут жывяцца? Адкуль ваду сабе бяруць, якой нідзе тут не відаць, і дзе яны тут ад пякучага летняга сонца хаваюцца ды халодную і даўгую ноч, ноч-зіму каратаюць? У адказ на гэта мяне паўлякло ў бок чорнага высокага валу гары.

У паўдарогі да чорнага горнага валу я напаткаў сьвежаўспаханую ніву. На гэтай ніве стаяла, зарыўшыся ў цёмна-шэры грунт сваімі дробнымі шматлікімі лемешамі, нейкая дзівачная земляробная прылада зь нейкага чорнага, як чыгун, неіржавеючага мэталу, бо не відалася іржы на ёй ані прызнаку. Прылада гэтая складалася зь нейкага даўгога, каля сажню даўжынёй, палукружнага гарызантальнага сашчэту, у сваім версе, які знаходзіўся на паўаршыннай вышыні па-над паверхняю грунту, трымаючыся на ўходзючых у грунт крываватых пласкаватых лямешаках таўшчынёй як у паўтара пальца, а шырынёй — як у тры. У што ўпрагалася і чым, якой сілай валаклася гэтая аднарадналямешная крываватая баразна, — прыкмеціць не давялося.

Празь нейкую хвіліну я прызастановіўся ля нейкай ледзь заметнай даўгаватай улогавіны, з буйным, голым, быццам угладжаным, буйнавірыстым, пясчанага колеру вільготным грунтам. Грунт гэты складаўся з буйнога, дробнакаменьчатага, як гарох, жвіру і жарствы з-пад раздробленага, знаць, чырвонага граніту.

У вадным найвільгатнейшым мейсцы гэтага жвіру, з прыхаду, вылязалі, вытаркаваліся буйныя расткі нейкай дзівачнай празрыстасочнай расьлінкі.

Вышыня расткоў гэтай расьлінкі была як у пядзю. А таўшчыня кругленькіх, сочна-празрыстых, пяскаватага колеру расткавых ножак — як у таўшчыню палачкі звычайнага алаўца або дрэўца сьвірэпніку. А на вершалінках гэтых расткоў распушчаліся з пахілам да сонца, таксама як і ножкі, празрыста-сочныя пясочнага колеру кубкавастыя кветкі, якія па сваёй велічыні і форме выгляду прыпаміналі нашыя вясенныя баравыя сонькі.

Непадалёка падгор’я чорнага горнага валу я наўрэў[5] на невялікую лужу крынічнай вады.

Вада гэтая здалёку мне здавалася зусім не вадой, да выгляду якой я прывык на Зямлі, дзе кожная ціхая вада, як люстэрка, адбівае ў сабе сіняватае сьветлае неба, — а тут яна паказалася мне проста нейкім дзягцярным цёмна-бурым алеем. Але, бліжэй прыгледзеўшыся, гэты дзёгаць аказаўся звычайнай чыстай празрыстай на цаглянага колеру чырванаватым голым грунце крынічнай вадой.

У беразе вады гэтай, знаць, адмелістай лужы-крыніцы стаяла група, штук каля дзясятку, чырвоных гліняных паліваных прыгожага мастацкага выгляду глякоў і жбанкоў невялікіх памераў, як на два ці на паўтара літра вады.

Тут былі і з ручкамі, па дзьве з бакоў, былі і бяз ручак, і ўсе яны мелі прыгожыя формы зь ня надта шырокім дном і горлам угору расшыраных пузаценькіх ваз.

Адно, што мяне тут зьдзівіла, гэта тое, чаму яны тут, тутэйшыя луніды, так скупы на велічыню ваданоснай пасуды.

Наастатку я апынуўся ў нейкім цёмным тунэлі тэй уцёсістай чорнай гары, зь якога прабраўся празь нейкія нізкаватыя дзьверы ў сьветлую прасторную хату, сьцены якой былі пабелены бледна-крэмаваю фарбай ці то белай жаўтаваю глінай. Падлога зь нейкай шэрай пліты. Столь высокая, круглавата-скляпенчатая, з аркавага карактару на ёй выступамі і зь некаторымі тэндэнцыямі на гатыцкія формы. У хаце гэтай было пуста-парожна, не відалася аніякіх дадатковых рэчаў, як сталы, ложкі, крэслы, зэдлі, тапчаны. Нават печы — і тэй не відалася, а замейсц абстаноўкі ўдоўж сьцен па прысьценьню прахадзіў невысокі, вузкаваты, як для седні, прымурак. Скрозьгорны шлях. Абледзянелы мост-арка. 1932

А ў таўстой сьцяне бакавой, якая, як відалася, выходзіла заадно з узбоччам гары, убок поля, — сьвяцілася шырокае і досыць высокае, сажаннае адкрытае вакно, празь якое відалася поле, залітае серабрыстым сьвятлом раньнявясеньняга сонца.

VII

Па агледзінах пяшчэрнай летняй хаты я апынуўся дзесь далёка-далёка, сярод нейкага пачынаючага зелянець земляробнага поля, празь якое прахадзіла вузкаватай жаўкляваю стужкай пешаходная дарожка, па якой там ды сям бадзяліся нейкія рыжаваценькія, велічынёю з кулак, камянькі. Я прызастанавіўся, каб прыгледзецца да гэтых рудаватых глыжоў, зь якой яны пароды, і направіў свой [позірк] на адзін зь іх, які аказаўся ў запраўднасьці не глыжом, а падобнай на глыж жывою істотай, зашчытнай масьці пад колер тутэйшага рудаватага, знаць, сугліністага грунту.

Гэта быў караткаторсы, камкавасты, бясскрыдлы скакун-казяўка, вельмі падобны па формах свайго складу на нашага сухалужнага казельку-траскунчыка, які, як відалася, выскачыў аднекуль з нары на рыжаватую, як і ён сам, дарожку і супакойна ўсеўся на ёй, грэючыся на прыслоне цяпла вясеньняга сонца.

VIII

Па аднэй са сьцежак праз поле прахадзіла, рэзва ступаючы, нейкая невялічкага росту, як наш сямілетні падуростак, шэранькая чалавечая фігурка, апранутая ў даўгую, аж да пят, шэрую вопратку, якая служыла ёй, як відалася, заадно і пакрыцьцём галавы ад пякучага сонца. Яна прайшла перада мной, справа налева, на адлегласьці не далейшай, як на сем крокаў, аднак жа разгледзець падробны выгляд ейнага твару цалкам, які напалову быў прыкрыт пакрыцьцём, так і не прышлося, а давялося ўгледзець толькі частку, левую шчаку і левае вока.

Колер скуры твару, як відалася, судзячы па колеру левай шчакі, — бела-румяны. Колер жа воч — ясна-сіні.

Бачыў, як гэтая шэранькая чалавечая фігурка пайшла ў напрамку скрозь поле да таго чарнагорнага пяшчэрнага паселішча земляробаў-лунідаў.


  1. На поўнач ад так званага “Мора Небаспэк” (Заўв. Я. Драздовіча).

    У сваіх тэкстах Я. Драздовіч, згадваючы гэтае мора (так называюць запоўненыя зацвярдзелай лавай нізіны на Месяцы, некаторыя з якіх можна разгледзець з Зямлі нават няўзброеным вокам як цёмныя плямы на месяцовым дыску), паслядоўна ўжываў менавіта гэткую арфаграфічную форму (“небаспэк”). Наколькі можна зразумець, гаворка ідзе пра Мора Небяспек (больш пашыраная назва — Мора Крызісаў).
  2. Вертыкальна.
  3. Выгляд, вонкавае аблічча.
  4. Хутка, неўзабаве.
  5. Натрапіў.