Выказванні розных асоб пра Язэпа Драздовіча
Неспакойная мара мастака імкнулася ў неаглядную далеч Сусвету ў той час, калі космас быў прадметам цікавасці толькі паасобных вучоных. Разгорнутыя Драздовічам у 30-я гады жывапісныя серыі, прысвечаныя жыццю на іншых планетах, прывабліваюць смеласцю думкі, нязвычнасцю мастацка-вобразных рашэнняў.
М. Танк,
паэт, пісьменнік
Ён быў самабытным мастаком і цікавым чалавекам, Язэп Драздовіч. Усё жыццё яго прайшло ў вандроўках, пошуках хлеба і ісціны. Нельга не дзівіцца, колькі ўсё ж паспеў зрабіць ён у сваім беспрытульным, бяздомным жыцці-вандраванні. Неабдымны свет яго чорна-белых аркушаў.
А. Ліс
пісьменнік, доктар філалагічных навук
Самотнасць і хвароба Ван Гога, уцёкі Гагена на Таіці, настальгія Марка Шагала па горадзе дзяцінства стварылі іх артыстычную легенду і адпаведна сталі перадумовай папулярнасці іх мастацтва. Вобраз вечнага вандроўніка так моцна зацвердзіўся ў асобе Язэпа Драздовіча, што ўсё астатняе – графічныя лісты, карціны, дываны – пераўтварылася ў дадатковыя складнікі іміджу яго асобы, своеасаблівыя атрыбуты бескарыслівай летуценнасці. Драздовічу ўдалося стварыць са свайго жыцця міф, і гэта атрымалася таму, што мастак здзяйсняў сваю волю і фантазію часам не ў творчасці, а ў жыцці, і нават ахвяраваў ім дзеля сваіх ідэалаў.
Л.У. Вакар,
кандыдат мастацтвазнаўства
Язэп Драздовіч – постаць незвычайная ў гісторыі беларускага мастацтва і культуры, постаць магутная, высакародная і вельмі прывабная.
Ніл Гілевіч,
пісьменнік
Язэп Драздовіч з’яўляецца адной з самых загадкавых асоб беларускай культуры. Ён верыў у беларускую ідэю, мастацтва і жыццё на іншых планетах. Гэтая трыяда зрабіла з яго летуценніка. Вандраванне з вёскі ў вёску, маляванне дываноў, асветніцтва сялян і самнамбулічныя сны пра Сусвет сталі ўратаваннем яго ідэалаў. Творы мастака-візіянера напоўнены вобразамі, якія не падлягаюць адназначнаму вытлумачэнню.
Л.У. Вакар,
кандыдат мастацтвазнаўства