Космас Язэпа Драздовіча: ява і сны
Сярод талентаў больш і менш значных, больш і менш знакамітых ёсць імёны асаблівыя, азораныя яркасцю асобы мастака, драматызмам яго жыццёвага шляху, а перадусім – моцай выяўлення нацыянальнага пачатку. У арэоле пакутніцтва і чысціні паўстае перад намі постаць Максіма Багдановіча. Ларыса Геніюш увайшла ў гісторыю літаратуры не столькі гожасцю паэтыкі, колькі нязломнасцю духу. Нямала легенд нарадзіла нядоўгае жыццё Уладзіміра Караткевіча. У гэтым шэрагу, безумоўна, і самабытнае імя Язэпа Драздовіча.
Калегі-настаўнікі шмат зрабілі для таго, каб вярнуць гэтае імя з забыцця і занядбання. А чаго не здолелі ці не паспелі яны, зрабіў сам Язэп Нарцызавіч – дакладней, публікацыя яго дзённіка ў часопісе «Маладосць» (№№5-11 за 1991 і 1-2 за 1992 г.). Старонкі гэтага дзённіка раскрылі перад намі багаты духоўны свет мастака і дапамаглі ўсвядоміць, што мы мелі і што страцілі ў асобе Язэпа Драздовіча.
Перш за ўсё ўражвае кола яго інтарэсаў і захапленняў. Ён маляваў і вучыў маляваць, збіраў экспанаты для музея і раскопваў старажытныя гарадзішчы, запісваў фальклор і замалёўваў замкі, адкрыў школку на роднай мове і стварыў аматарскі тэатр, пісаў працы па астраноміі і быў неблагім хірамантам. А яшчэ ён адмыслова валодаў родным словам, што не толькі дазволіла яму выдаць кнігу прозы, але і з выключнай выразнасцю занатаваць у дзённіку перыпетыі свайго нялёгкага жыцця, думкі і пачуцці, яву і сны.
А ява была бязрадаснай. Новы, 1933 год пачынаецца голадам, холадам і звыклым ужо беспрацоўем: два гады, як ён страціў выкладчыцкую працу і перабіваецца выпадковымі, эпізадычнымі заробкамі. Настрой прыгнечаны:
«Сам не ведаю, як жыць, што далей будзець».
«Дзень прайшоў дамасідна. Знайшлося б мо куды схадзіць, пакалядаваць, -- ды няма ў чым. Касцюм незавідзен, а галоўнае гэта боты… цякуць…»
«Прастуда і недаедкі… Халоднае і да крайнасці сырое (з мокрымі сутарэннымі мураванымі сценамі) памяшканне, а побач з гэтым посніца і недаедкі зусім падарвалі маё здароўе…»
Пускаючы свежы тварожны сыр на грунтоўку палатна, заўважае: «Чаму б мне самому яго не з'есці».
Мастак бярэцца за любую, нават самую дробную работу, каб зарабіць нейкую капейчыну: малюе дэкарацыі для аматарскіх спектакляў, шыльды, пераносіць кнігі для музея і да т.п. «Ой, як трудна грошы даюцца!» - гэты крык душы вырвецца ў яго пазней, у час бясконцых вандровак па Дзісеншчыне, але і зараз становішча не з лепшых. Урэшце рэшт Драздовіч пакідае Вільню і выпраўляецца на радзіму, да братоў. Там, у Антаполлі, «не маючы ані палатна, ані фарбаў, ані адпаведнага мейсца», ён ахвотна займаецца разьбой па дрэве. Жыццё праходзіла размерана-будзённа, у чаргаванні дробных падзей і здарэнняў. Параніў правую руку… Назбіраў хмелю на лякарства… Змайстраваў стол для разьбы… Зламаў найлепшае разьбярскае долата… Вылепіў з гліны галаву вясёленькага анёлка… Потым пайшла мода ў ваколіцах, кожная нявеста лічыла за гонар мець у сябе свой, асаблівы распісны дыван. Так што заказаў хапала.
Праз тры гады вандроўнай працы (дзе маляваў – там і жыў, там і сталаваўся) мастак запіша ў дзённіку: «Шчасліў той, хто маець час на вольную творчую працу. Хто пры добрым здароўі і без клопату аб заўтрашнім дні. Хто не маець патрэбы прадаваць свой час на грош дзеля хлеба». Зарабляючы на жыццё «так званымі», як ён піша, «каўрамі», мастак, тым не менш, ніколі не апускаецца да халтуры і ясна ўсведамляе сваю мастакоўскую звышзадачу: «Людзям даю. Хай узгадоўваюць у сабе пачуццё эстэтыкі».
Для задушаных працай вяскоўцаў яго прыход быў, бадай што, святам. Асабліва гэта тычыцца моладзі, што ахвотна запрашала старога халасцяка на вечарынкі, дзе ён «пяяў, іграў, жартаваў, баіў», варажыў па руках і ў свае сорак мог прайсціся калясом. А яшчэ ён у вёсках любіў ладзіць сапраўдныя лекцыі па астраноміі: з дапамогай лямпы і гарбуза тлумачыў паходжанне фазаў Месяца.
Вось мы і падышлі да адной з найцікавейшых старонак у біяграфіі і дзённіку Язэпа Драздовіча – да яго фантастычных сноў. Першыя згадкі пра іх прыпадаюць на 1914 год, калі мастак знаходзіўся на вайсковай службе і дасылаў у «Нашу ніву» апісанні сваіх начных прывідаў. З ранніх жывапісных работ на касмічную тэму вядомыя яго «Трывеж», «Артаполіс», пазней распрацоўваюцца яшчэ тры серыі з жыцця на Месяцы, Марсе і Сатурне. Лічыцца, што ў іх мастак увасабляе свае мары пра гарманічнае грамадства і некрануты свет прыроды, што і ўгэтых творах выяўляецца яго багатая фантазія. З такім поглядам можна было б цалкам пагадзіцца, каб не тыя самыя «сны» -- праява своеасаблівага прыроднага феномена. Справа ў тым, што ўсім жывапісным і графічным работам на тэму космасу папярэднічалі падрабязнейшыя пісьмовыя занатоўкі пабачанага ў «начных візіях». У гэтага чалавека была ўнікальная здольнасць – падарожнічаць, або, прасцей кажучы, лётаць у снах, пераносіцца з нашай рэальнасці ў ірэальныя, так званыя тонкія свету. Прычым яму здавалася, што неверагодныя карціны разгортваюцца на бліжэйшых планетах. Вось як гэта выглядае ў запісах:
«З пятніцы на суботу я меў шчасце і яшчэ зрабіць адну калягадзінную вандровачку па Месяцы. Бачыў дзіўную краіну з серабрыстым дзённым небам… Бачыў шмат крутагорых у лясістых берагох вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты (фантаны). Бачыў чырвонаружовы астравок, увесь укрыты нейкімі празрыстымі крышталямі…»
Апісанні ўражваюць дакладнасцю дэталяў і чытаюцца цяжкавата менавіта з-за гранічнай дэталізацыі, што абумоўлена чыста навуковымі мэтамі. «Дзеля веды ў навуках», як піша аўтар. Ён здольны разгледзець не толькі рэльеф мясцовасці ці скалы, але і колер водарасцей у нейкіх дзіўных чорных катлах, і касматыя вушы бязрогіх аленяў, і разьбу па каланадах, і форму ліста нянаскай расліны. Трэба сказаць, што апісанне флоры зрабіла б гонар і прафесійнаму батаніку.
Гэты свет часцей бязлюдны або маланаселены, але часам трапляюцца на вочы і абарыгены – па адным і цэлымі натоўпамі, нярэдка голыя. «Падаўшысь углыб нейкай міжскальнай цясніны гор, я напаткаў стаячую пад шэрай скалою невялікую камлюкаватую фігурку голага чорнаскурага чалавека-ліліпута. «Аднойчы, пралятаючы над заснежаным лесам, ён зведаў «скептычнае пачуццё»: здалося, што апынуўся недзе ў Сібіры або Канадзе. Ажно не: крыху далей згледзеў кабет-«лунідак» у белых вопратках і белых хустах. «Адменнасць іхняя, – піша Драздовіч, – ад нашых белых зямлян заключалася ў іхніх нашмат буйнейшых галовах». Кабеты махалі рукамі, як бы адганяючы нейкі прывід. Як ён зразумеў – яго самога.
Сустракаюцца і прыкметы культурнай дзейнасці – пабудовы, сады, пакрытыя невядомай расліннасцю палі і нават тэхніка. Даволі падрабязна апісаны знешні і ўнутраны выгляд цягніка, а таксама памяшканне вакзала, дзе асноўная ўвага была звернута на «распятую, шырачэзную», друкаваную на белым кардоне, карту.
Працэсам начнога «лёту» можна было, аказваецца, кіраваць – намаганнем волі пасылаць сябе на недаступны вачам другі бок скалы, вяртацца да ўжо бачанага, адзначаць знаёмыя пейзажы ці расліны. Ён здольны дагледзець перапынены сон цераз некалькі дзён, адшуквае мясціны, пра якія чытаў у астранамічнай літаратуры, звярае бачанае з картай Месяца. У далінах і плато абодвух бакоў спадарожніка мастак арыентуецца не горш, чым у ваколіцах любімых ім Дзісёнкі, або Мнюты. Фантастычныя краявіды то змяняюцца імкліва, як у калейдаскопе, то, наадварот, доўжацца нудна і надакучліва. Яны то выразна відны, то як бы скрозь туман ці ў прыцемках, то з вышыні птушынага палёту, то зблізку. Каб спісаць усё гэта на багатую фантазію рознабакова адоранага творцы, трэба самому быць немалым фантазёрам.
Сам Драздовіч не выказвае ніякага здзіўлення з прычыны сваіх «духавых падарожжаў», як ён іх называе, ці «магнетыстычных сноў». Яму відавочна падабаецца трапляць у звышнатуральны свет, размешчаны «па-за часам і прасторай». З'яве знойдзена дакладнае вызначэнне: гэта тыповыя астральныя падарожжы. У гэтым плане Драздовіч нашмат апярэдзіў не толькі сучаснікаў, але і нас з вамі: ён быў не толькі мастаком, але і вучоным, даследчыкам свайго незвычайнага дару. Разважаюча пра ўласны феномен, ён піша: «бальшыня візіяў маіх гэта не твор фантазіі, не самаабман, гэта сапраўдны дар яснавідства». Сапраўды, што б там ні казалі скептыкі, адчуванне поўнай рэальнасці таго, што пабачыў ён «мысленным зрокам», не пакідала мяне падчас чытання.
Паступова, ад года к году, характар дзённіка мяняецца. За 1935 год занатаваны толькі адзін касмічны эпізод, і той даўні. Рэй пачынае правіць рэальнае жыццё – пераважаюць занатоўкі фэстаў, кірмашоў, вяселляў, сяброўскіх пагулянак. Як быццам, не здолеўшы адгарнуць новую старонку свайго жыцця, мастак пачынае ісці па нейкім згубным крузе. Пераходы становяцца ўсё больш частымі, назвы вёсак аж стракацяць уваччу: Баяршчына, Папкі, Пагора, Ліпаўскія і Гуркаўскія хутары… Дзесьці далёка-далёка, як на другой планеце, апынулася Вільня з калегамі-мастакамі, не тыя адносіны з сябрамі. Бессямейны, беспрытульны лад жыцця не толькі згубна адбіваўся на здароўі, але і падточваў знутру гэтую вытанчаную, прыгожую натуру. Брала крыўда на сябрукоў, апаноўвалі сумненні: «Пішу, пішу, а для каго ўсё гэта? Каму ўсё гэта цікава? Хто яго (дзённік – Г.К.) чытаць будзець?»
Шмат чаго з напісанага і занатаванага губляецца, застаеца па хатах, а пасля незваротна гіне. У апошнія гады свайго жыцця мастак цалкам раствараецца сярод вясковага люду – як кропля ў агромністым акіяне. Ды застаецца ў нашай памяці чалавекам «жывой душы» і непаўторнага мастацкага таленту.
… Неяк пад раніцу прысніўся яму Хрыстос, які ішоў насустрач. Яны павіталіся і раскланяліся адзін аднаму па-джэнтэльменску.