Беларуская English Русский

Асяродкавы кружнік Сатурна

Урывак з рукапіснай кнігі “Жыцьцё на плянэце Сатурне”

Вільня, лета 1932 г.
Жыцьцё на асяродкавым кружніку Сатурна
Самнамбулістычна-тэлевізійныя[1] эскізы

На Брылявіку[2]

Магутныя, таўшчэзныя, высокія і роўныя ствалы шматвяковых лісьцястых дрэў дубаклёну. Дзіўная дубрава. А па тэй дубраве там ды сям паміж дрэўя параскідаліся ў адзіночку шырокія прынізістыя пласкаватастрэхія сіваватыя дзераўляныя будоўлі, з усіх бакоў абвянечаныя шырокімі цяністымі вэрандамі, на гладкім і сухім цьвёрдым грунце, паросшым густою, мяккаю пырнікаватаю зялёнаю травой. А між тымі будоўлямі — што грасованыя[3] ў добраагледжаным парку, гладкавытаптаныя пясочнага колеру сьцежкі-дарожкі ў розных кірунках па тым лесе-дубраве.

Надвэранднае падстрэшша, якое ўтваралася з надпускаў пляскаватай чатырохсхоннай страхі ў тых будоўлях, апіралася на нетаўстыя чатырохкантовыя дзераўляныя стаўпцы, якія зьнізу былі пазлучаваныя вышынёй як у паяс нейкімі выплятанымі зь дзераўлянага паплёту рашоткамі.

А на тых вэрандах, як відалася ў некаторых гэтых абвэранджаных дамах, аддыхалі, як відалася здалёку, нейкія ў сіваватых жаноцкіх вопратках чалавекавыглядныя істоты.

Бачачы гэтую лясную калёнію, паселішча жывых людзей, зусім ня верылася, што ўсё гэта дзесь там, далёка-далёка, на бязьмерных адлегласьцях ад нас, у пазавоблачных прасторах, на нейкім абадзе кружніка плянэты Сатурна, а ня ў нас тут, на Зямлі, дзесь у Скандынавіі ці якойсь Канадзе летняю парой. Але крыху пазьней, празь нейкую хвілінку, прыйшлося пераканацца, што ўсё тут віджанае ў запраўднасьці ж ня нашае зямное.

Пагодная летняя ціхая раніца. На вершалінах высокіх і бухонавяхацістых[4] дрэў негустога, рэдкага лесу ружавацеюць сьветлыя плямы праменьня ўсходзячага сонца.

Непадалёку тэй лясной калёніі, ляснога людзкога паселішча, разьляглася шырокая, роўная, пакрытая аксаміцістым дываном з маладой зялёнай пырнікавастай травы зялёная палянка. А на гэтай палянцы, непадалёку ад гладка пратаптанай сьцежкі, сядзела-паседжвала на зялёным траўніку невялічкая ростам, як нашыя зямныя сямілеткі, дзіўнай красы, прыгожанькая, што русалачка, русакудрая дзяўчынка, якая, не спускаючы вочак сваіх, з радасным выразам міны пазірала на першыя праменьчыкі сьвету ўсхадзячага сонца, якія прабіваліся скрозь падгальлё акружаючага лесу. Курортна-дачныя будынкі сатурнян на Брылявіку. 1931

Дзяўчынка гэтая была апранута ў сьветлакалёрыстую, лёганькую, зь ценкай, быццам батыставай, далікатнай тканіны вопратку з шырокімі зьвісаючымі рукавамі і зь безкаўнерным горсікам[5]. Каля горсіку кругом шыйкі і на рукавах у аблямоўцы паблісквалі нейкія серабрыстыя і ружаваценькія бліскучкі.

А на тканіне ейнай вопраткі маляваліся бледнакалёрыстыя ружовыя, белыя і сьветла-гранатавыя дробненькія ўзоры, якія складаліся з разнаформных дробных плямак, кропак і маладзічкоў.

У міне ейнага ўмяркована акругленага маладога белага ружаватага тварыку, з досыць высакаватым прыгожанькім чалом, роўным носікам, умяркованымі неадутліватымі шчочкамі ды невялічкай, з прыгожанькімі вуснамі, губай, сьвяцілася нейкая незразумелая і сталасьць, і пэўнасьць розуму дарослых людзей, а разам і дзіцячая жыцьцярадаснасьць.

Зь ейных пазіраючых на поўную круглату вясёлкі кругленькіх воч, якія здалёку здаваліся быццам акуляры, павеявала чымсьці таямніча-загадкавым, унушаючым да ейнай асобы нейкае эстэтычнае пачуцьцё і павагу, як да прыгожанькай істоты з высокім інтэлектам.

Адкуль яна, чыя яна і хто яна такая? Бо ў рысах асобы гэтай пекнай маленькай істоты як быццам нешта-нейкае знаёмае.

Прыгледзеўшыся да ейных акругленых сінявата-шаравенькіх воч, аказалася, што ейныя вочы зусім ня так збудаваны, як нашы. Кругом звычайнага, як і ў нашых вачах, кругленькага зрэнка расходзілася каляровымі (сіня-сінявымі і зелянькавымі) праменьчыкамі шырокая круглая вясёлка, якая занімала сабою блізка тое, што ўвесь вачны яблык, не пазастаўляючы на ім мейсца для бялка. А кругом вясёлкі, у сваю чаргу, правідловым[6], як з-пад цыркуля, кружком ахілялі вока павекі, абрамляючы вясёлку, ні то ў сваіх берагах, ні то ў самой вясёлцы, якая наводдаль ад зрэнка здавалася цямнейшай — нейкім вузенькім цёмным кружком, выразны цёмны абадок.

Яшчэ дзьве асаблівасьці: не відалася, каб гэтая прыгожанькая істота хоць бы раз кранула павечкамі ды сплюскаватымі вачмі — як быццам зусім не былі яны ў яе рухомы, — гэта адно; а другое — гэта тое, што не відалася вушэй, якія або былі гладка прыкрытымі зьвісаючымі аж да плеч гладзенькімі космамі сьветла-русых валасоў, або гэтая незямнога паходжаньня прыгожанькая істотка зусім іх ня мела.

А ня маючы вушэй, — значыць быць бяз слуху. А быць бяз слуху — значыць не абладаць і дарам мовы ды сьпеву, як у нас глуханямыя. Але нашая глухата — нямыя, ня маючы з прыроды іншага дару для паразуменьня зь іншымі, паразумяваюцца ўмоўнымі знакамі праз рухі, як кажуць, “на мігі”. Але тут, як мне давялося заабсэрваваць[7], — зусім штось іншае. Гэтая прыгожанькая, як ружа, істота, як мне здавалася, бачыла мяне як нейкія зданкі, і гэта яе зусім ня толькі не перапудзіла, а нават ня надта ўзьдзівавала, і глядзела на мяне зусім проста, як на яву, дый нават даючы мне адчуць празь нейкія таямнічыя павевы ад сініх воч, што я ёй зусім ня страшан, а камічан. Асабліва здаваліся ёй сьмешнымі мае вушы і ногі ў калошах нагавіц, як зашытыя ў нейкія вузкія чорныя паласкаватыя мяшкі.

Уражаньне агулам такое, што тутэйшыя людзі бяз слуху і бяз мовы, а гавораць між сабою вачмі — праз зрок, нейкім магнэтычным друг друга адчуваньнем, а ня нашымі ўмоўнымі праз нутрагубныя прыцяскі языком з учасьцьцем вусен і зеву гарляковымі гукамі, якімі мы можам карыстацца як штучнымі выразамі нашага рассудку, безь ніякага ўчасьцьця ў іх свайго натуральнага шчыра-праўдзівага пачуцьця, як кажуць, “з чыстай душой і ад шчырага сэрца”.

Непадалёку тэй зялёнай міжлеснай палянкі, на якой любавалася золакам прыгожага раньня русакудрая круглавоканькая красавіца-дзяўчынка, адкрываўся чыста надморскага характару краявід. Краявід загадкавага ўзмор’я. На ўзбліжжу ценявацела цёмна-сызая, шырокая, пласкаватастрэхая, акружаная кругом крытымі вэрандамі нейкая дзераўляная будыніна. Перад гэтай будынінай зеленавацелі паразьдзяляныя роўналінейнымі гладка выграсаванымі пясчанага колеру дарожкамі зялёныя траўнікі. А па-за гэнай будынінай ценявацеліся скрозь туманаватае ранічнае паветра цёмна-зялёныя сыльвэты[8] разьвесіставяхоцістых дрэў нейкай абсады. А па-за подгальлю дрэў гэнай абсады тут жа, блізка, як у некалькі крокаў за ёю, вырысоўваўся цьмяна роўналінейны бераг нейкага сіняга, адбіваючага ў сябе нябесную сінь, ціхаводнага мора. Дрэвы тэй надузьберажнай абсады, якія здалёку здаваліся шырокаразьветлістымі каштанамі, зблізку ж аказаліся зусім не лісьцястымі, а іглястымі цёмна-зялёнымі вілаватастволістымі гіганцкіх памераў ялаўцамі.

У накале[9] траўніку, які знаходзіўся між шпалераю гэтай надузьберажнай ялаўцовай абсады і абшырным вэрандзістым домам, над крыжоўкаю дзьвюх просталінейных, знаць што выграсаваных, роўненькіх і гладкіх пясчаных дарожак, стаяў тоўсты, высакаваты, ні то мураваны, ні то дзераўляны ды памалёваны, чырвоны васьміграністы стоўп. Верх гэтага стаўпа завяршаўся васьміграннай пірамідкай. А кругом вершаліны гэтага стаўпа, трымаючыся на рамёнах, відаліся два агромныя гарызантальна распаложаныя адзін над адным цяжкарабрыстыя шыракаплецістыя ўшыр чырвоныя кругі.

Верхні зь іх быў большым, плазамі[10] шырэйшым, а ніжэйшы — меншым і плазамі крыху вузейшым за верхні.

А пад тымі кругамі на стаўпе з чатырох бакоў, па тры, адзін над другім, белавацелі, сьвецячыся ўва ўсе чатыры бакі сьвету, дванаццаць чарапоў галоў чалавечых. Над безданню… Знак перасцярогі на краі кальца Сатурна. 1931

Чарапы гэтыя, якія па тры, адзін над другім, былі напалавіну ўсаджаны патыліцамі ў плаз стаўпа, мелі выгляд зусім мала чым розьнячых ад чарапоў з галоў людзей зямнога паходжаньня: чало кубаваста-авальнае, выпуклае і па прапорцыі адносна цэласьці твару досыць высокае. Скулавыя лучайкі, сківіцы, падбародак і зубы — бадай што, такія самыя, як і ў нашых белых эўрапейцаў арыйскага паходжаньня. Толькі вось бровачныя дугі ды вачныя гнёзды — занадта акругленыя, як пад цыркуль. А косьць пераносіцы была роўная і даўгая, як відалася, павінна была даходзіць аж да самага канца носу, замяняючы сабой насавыя храшчы, якія пасьля сябе ў чарапах нашых зямлян пазастаўляюць вялікую адтуліну, а ў гэных чарапах такой вялікай адтуліны не відалася.

Чарапы гэтыя былі белымі, як сьнег, а выпукласьці на іх былі бліскучымі, як глязураваны фарфор. А ад гэтага страшнага чырвонага стаўпа з кружнікамі ды чарапамі чалавечых галоў адходзіла грасованая дарожка ў бок недалёкага паросшага буйнаю травой берагу таго сіняга валшэбнага мора, завяртаючыся ў алею ялаўцавастых дрэў надузьберажнай абсады.

_____________

Непадалёку лясной калёніі і тэй надпропаснай[11] кліматычнай станцыі, дзе стаяў чырвоны стоўп-глёбус з дванаццацьцю фарфоравымі лямпачнымі клёшамі[12] — чарапамі чалавечых галоў, як знак надпропаснай перасьцярогі для гасьцей тамтэйшага ляснога надузьберажнага кліматычнага курорту — як відалася.

Углыб краіны ад таго надпропаснага ўзьбярэжжа, дзе ўжо распачыналіся гладка-роўныя палявыя прасторы, усаджаныя раскінутымі ў адзіночку бахмацістымі дрэвамі ды садамі невялічкіх людзкіх паселішчаў, відалася ўзвышаючаяся над рэштам высокая й шырокая кубічнага выгляду нейкая глухасьценная крывава-чырвоная, як кажуць, нялюдзкая, жудаснага выгляду будыніна. Будыніна гэта ня мела ні страхі, ні вокан, ані нават дзьвярэй, як відалася, ейныя роўныя і гладкія, глухія, цёмна-чырвоныя, крывавага колеру сьцены, якія, як відалася, былі пакрыты нейкаю глязур’ю, бо блішчэлі, рабілі вельмі напружанае ўражаньне, прадстаўляючы зь сябе нешта жудаснае, адмоўнае, страшнае і незразумелае. Што гэта? Хорам — ня хорам, маўзалей — не маўзалей, турма — не турма, а мо і турма, страшная, цямнічная, сьмяротная турма, узьнесеная, узбудаваная на крыжуючых дарогах сярод гладкага роўнага поля нейкім валадаром-тыранам, на пострах сваім падданым, як страшылішча. Астран — абсерваторыя з квадрантам на кальцы Сатурна. 1931

Падаўшыся зрокам на ўзбліжжа да гэтага крывава-чырвонага безваконнага страшылішча, я пачаў яго аглядаць. У верхнім правым куце канцавой сьцяны, якая блішчэла, бо была асьветлена сонцам, аказалася невялічкае вузкаватае стацявое[13] ваконца, як ядыная адтуліна, прапускаючая ў нутро гэтай агромнай цямніцы праменьчык сьвету і без таго маласьветнага сатурнянскага сонца.

А што калі я гляну скрозь гэтае ваконца ў нутро гэтай хатушні, дзе, магчыма, што як і ў нас, на нашай грэшнай Зямлі, у старадаўнейшыя часы ў падвалах гішпанскай інквізыцыі гараць распаленыя печы агню, вісяць ланцугі з наручнікамі ды нашыйнікамі, стаяць набітыя зялезнымі шпілямі ловы, напякаюцца ў тых печах зялезныя клешчы, зялезныя пальчаткі ды гішпанскія боцікі, круцяцца зубчастыя касьцяломныя машыны дый шмат якія іншыя “высокай тэхнікі” старадаўнейшых часоў “вынаходкі”. А каля сьцен, кругом сядалішча высокапастаўленага тамтэйшага судзьдзі і пракурора, вісяць падвешаныя за рукі ды прывязаныя да іксавастых крыжоў, корчучыся ад болі калоцьця, біцьця ды прыпёкаў на дапросе, грэшныя прыступнікі, чараўнікі, чарнакніжнікі, бязбожнікі, вераадступнікі, непачытацелі ўлад і рознага роду адшчапенцы і вальнадумцы, як нашыя Бруно з Галілеем.

Узьняўся ды й глянуў. І што ж я там убачыў?! А роўна што й нічога, — апроч выглядаўшых праз ваконца, пазіраючых угору на неба, на якім сьвяцілася сонца, пары буйнаватых і круглых безьбялковых нейчых вачэй ды цемнаты, — нічога-анічагусенькі не пабачыў.

Для чаго б мог служыць гэтае чырвонае страшылішча, — я так бы і не дазнаўся. Але адзін з маіх землячкоў, вясковы інтэлігент, мой добры знаёмы[14], які ня менш мяне цікавіцца касмалёгіяй, дапамог мне ў гэтым:

— Ды гэта ж старадаўнейшага тыпу бестэлескопная астранамічная абсэрваторыя з квадрантам, — заўважыў мне мой госьць, разглядаючы альбом маіх зарысовак. — Вось праз гэтае ваконца, што ў сьцяне, яны глядзяць на неба.


  1. Тэлевізійны — ад лац. televisio — далёкабачанне.
  2. Хаця яшчэ ў ХІХ ст. было даведзена, што кольцы Сатурна не ёсць суцэльнай паверхняй, а складаюцца з мноства паасобных дробных часцінак, Язэп Драздовіч прытрымліваўся іншага меркавання. Ён лічыў, што ў кружніку Сатурна ёсць і “суцэльнацелыя абручы”, і “разрозненацелыя”.

    У сваёй кнізе “Нябесныя бегі” Драздовіч надаваў “суцэльнацелым абручам” адмысловыя назвы: “Для нутранога, найбольш шырокага, брылявастага, — Брылявік; для вонкавага, брыжавастага, — Брыжавік, а для ягонага агбавога, абадавастага брыжу, — Абадніца, або проста Брыж”. Драздовіч лічыў, што на гэтых, суцэльнацелых, кольцах Сатурна можа — і нават павінна быць — “нармальнае жыцьцё, шмат чым падобнае да нашага зямнога”.
  3. Грасаваць — рыхліць, матычыць.
  4. З пышнаю кронай.
  5. Ліфам (верхняя частка жаночага адзення).
  6. Дакладным, правільным.
  7. Назiраць.
  8. Сiлуэты, абрысы.
  9. У куце.
  10. Плошчаю.
  11. Надпрорвавай.
  12. Абажурамі, каўпакамі.
  13. Вертыкальнае.
  14. Аграном і пісьменьнік Я. П-ка (заўв. Я. Драздовіча).

    Маецца на ўвазе Янка Пачопка (1890–1977) — пісьменнік, фалькларыст. Акрамя вершаў, апавяданняў (друкаваліся ў “Нашай Ніве”, “Маланцы”, “Калосьсі”, “Хрысьціянскай думцы” і г. д.), камедыі “Гурток”, напісаў шэраг кніг на сельскагаспадарчыя тэмы, адну з якіх — “Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях” (1923) — праілюстраваў ягоны блізкі сябра Язэп Драздовіч.