Язэп Нарцызавіч Драздовіч (13 кастрычніка 1888 — 15 верасня 1954) — беларускі мастак (жывапісец і графік), настаўнік, археолаг, пісьменнік, этнограф, фалькларыст і аматар тэарэтычнай астраноміі.
Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Дзяцінства мастака прайшло ў ваколіцах Галубіцкай пушчы. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу прафесара жывапісу Івана Трутнева. Там на працягу чатырох гадоў засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага малявання.
Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае серыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай».
У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў войска Расіі. Пасля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фельчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусветную вайну Драздовіч сустрэў у дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы (даводзілася адпускаць па пяцьсот пацыентаў у дзень) прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасля сямімесячнага адпачынку з адведваннем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.
Пасля рэвалюцыі
У 1917 годзе, пасля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісце да Антона Грыневіча Драздовіч падзяліўся задумай аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар.
У 1919 годзе, пасьля стварэньня БССР, Драздовіч прыехаў у Менск. У гэты час ён стаў настаўнікам малявання ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва і Беларускім дзяржаўным тэатры, арганізаваў культурна-асветнае таварыства «Заранка». У Менску Драздовіч стварыў серыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў горада — Замчышча, Верхняга Гораду, Татарскага прадмесця. Даследаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры.
1920-я гады
Пасля падпісання ў 1920 годзе Рыжскай дамовы, паводле якой Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх улад, ён распачынае культурна-асветніцкую дзейнасць. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая праіснавала толькі тры месяцы і была зачынена польскай адміністрацыяй.
У гэты ж час Язэп Драздовіч звяртаецца да літаратурнай творчасці. Бярэцца за напісанне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадскасцю аповесць Язэпа Драздовіча «Вялікая шышка».
старажытных гарадзішчаў, 1930-47
Язэп Драздовіч супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўнення экспазіцыі музея ён займаўся раскопкамі гарадзішчаў, збіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспедыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з'явіліся ёмістыя альбомы графікі, якія з'яўляюцца непаўторнай з'явай у беларускім мастацтве.
У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, Навагрудзкай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 году Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч, Мікола Васілеўскі, Раман Семашкевіч.
Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 году — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі Навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).
На пачатку 1930-х Драздовіч непрацяглы час працуе на Беласточчыне па запрашэнні ТБШ: афармляе спектаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы кааператыўнага выдавецтва «Сяўба».
Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».
Дзісенскі перыяд
У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстанціна. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.
Пасля далучэння ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за недастачы настаўнікаў яму даводзілася выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляванне і гісторыю. Педагагічная дзейнасць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым не менш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.
Пасля заканчэння вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялян. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны роспіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.
Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскі шпіталь, дзе праз некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёна. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака, якую выканаў скульптар Алесь Шатэрнік.