Беларуская English Русский

Жыццё на Марсе

Урыўкі з рукапіснай кнігі “Жыцьцё на Марсе”

Вільня, лета 1932 г.
У краінах людзей-марсіян драбнарослай расы

Над узьберажжам мора (між краінамі Hesperis і Libia)

Ціхая цёплая летняя марсіянская ноч над узьберажжам кутаватай лукі супакойнага мора.

Зьлева нізкі сухі прыступісты бераг, а па-над берагам высокае, пакрытае высокімі сьценамі цёмнага лесу ўзмор’е. Справа ж, што крутая сьцяна непрыступістага замку, узвышаецца над цёмнымі водамі ціха сьпячай глыбі лукамор’я вельмі стромкі, круты касагор увенчанай ценямі буйнарослага цёмнага бору высокай гары — сталагор’я.

А па-за борам, на фоне зеленькавага ўсыпанага дробнымі, як быццам брыльянтамі, зыгацячымі зоркамі залачаючага[1] доднікам[2] неба, дзесь далёка-далёка й высока малявалася цёмна-сызаю плямай, горда ўзносячым зрок свой на неба сьфінксам высакачэзная пакрытая лесам гара, напамінаючая контурам формы сьценю[3] свайго сьцень лежачага бокам з высока ўзьнятым да неба, справа налева, у бок залачаючага неба, на ўсход, чалом галавы гіганцкага сьфінкса.

На цёмным фоне міжгорналеснага — кутом — лукамор’я белавацеў касячком спушчанага з высокай цененькай макшты[4] парус, які знаходзіўся на прыстаўленым да прыступістага берагу на начны адпачынак нейкага лёгкаплаўкага даўгаватага, але вузкага, высокаапушыстага[5] бледна-жаўтавага чаўна-карабельчыка.

А вобак з гэтым чаўном-карабельчыкам плавала, варушылася бледнаю плямай на цёмнай паверхні вады і яшчэ нешта, нешта ў родзе тупаканчастага чаўна, але ня човен, а скарэй, што нейкі сплецены зь ценкага пруцьця белай лушчанай лазы кораб-карзіна, у якой плавалі, капашыліся, папіраючыся ў дно адмелістага берагу ценкімі шасткамі, дзьве нейкія маленькага росту, такога, як нашыя сямілетнія дзеці, круглагаловыя і каранастыя, апранутыя ў шэрыя вопраткі фігуркі чалавекападобных істот.

Ля самага берагу там ды сям вытаркаваліся рэдзенькія групкі драбнарослага чароту.

Кругом было ціха, спакойна, усё спала кругом. Ціха спаў цёмны бор, што сабою тварыў магутныя цёмныя сьцены надгорнага лесу. Ціха-ціха спала вада лукамор’я, ціха спаў, не хістаўся і гэты захудалы чарот, толькі золак усходняга неба ня спаў, зелянеў, расьсьвятляўся, ды ня спалі дзьве гэтых істоты з драбнарослых людзей-марсіян…

 

У мармуровай пустыні

Пераляцеўшы, перанёсшыся думковым зрокам па-за горы, лясы і даліны з-над узьберажжа штучна ўтворанага мора на далёкую і шырокую нейкую ўзвыш-раўніну, я апынуўся на шырачэзнай і роўнай, як стол, жаўклява-пясчаністай з ружаватымі плямамі марсіянскай пустыні [...]

На самым прыхадзе на гэтай пустыні, дзе цягнулася перак[6] лініі зроку тэрасістая лагчына, на дне якой невыяўнымі лініямі ні то прысыпаныя пяском чыгуначныя рэйкі, ні то — проста калавіньне звычайнай калёснай дарогі. У адным мейсцы ля гэтага невыразнага шляху… відалася наводдалі ў нейкай выемачнай лагчыне між гурбамі пяску — пясочнага колеру нейкая прынізістая зямляначнага тыпу будыніна. А на побліжжу відаліся выразна дзьве нейкія стугаравастыя[7] кучы каменьня. Адна з гэтых куч, крыху меншая і далейшая, складалася з насыпанага стогам дробнага ружаватага каменнага аскялёп’я. А другая куча, крыху большая і бліжэйшая, складалася з буйнога, даўжынёй каля паўмэтру, а шырынёй і таўшчынёй каля чвэрць мэтру, гладка ачэсанага на кант, канцястага, як цэгла, бледна-крэмавага, ружаватага штучна абробленага каменачосамі каменьня, якое было скінута, зьвернута ў беспарадкавую стугарастую кучу вышынёю ў сажань. Краіна Hesperis. 1932

Неўзабаве на вершаліну аскялёпачнай кучы пасыпаўся кінуты аднекуль град аскялёпкаў. А на вершаліне кучы часанага каменьня паявілася некалькі штук сьвежаўскінутых некім з-за кучы цаглявастых камянёў.

З усяго віджанага тут адчувалася, што тут нейкая з рухам працы каменаломня, а па-за гэтымі каменнымі кучамі сядзяць і работаюць каменачосы. Вечар у пустыні на Марсе. 1932
Каменаломня ў пустыні на Марсе. 1931 (?).

Скора, нябаўна[8] выйшлі з-за большай кучы, кучы часанага каменьня, тры цёмна-шэрыя сутулаваценькія фігуры невялічкіх чалавечакаў, ростам каля мэтру. Вопратка гэтых чалавечакаў складалася з чыста вадалазьніцкага касьцюму, касьцюму, які ўжываецца нашымі зямнымі маракамі дзеля глыбокага і доўгага ляжаньня пад вадой. Толькі з тэй розьніцай, што не відалася ў касьцюмах гэтых трох маларослых марсіян ані паветразьменных трубак, ані якіх-небудзь кляпанаў, мэталёвых абручоў і розных зашпілек. Ды замейсц круглых вадалазьніцкіх вакон перад вачмі ў шоламе — толькі адно шырокае прастакутнае зацягнутае ці то сьлюдой, ці то гнутым шклом ваконца, празь якое можна глядзець і наўперад, і ўніз, і ў бакі.

З павярхоўнавыглядных асаблівасьцяў тых, якімі б маглі розьніцца ад нашых зямлян гэтыя выразна бачаныя фігуркі людзей маларослай расы, жыхароў Марса, — хіба толькі сваёю маларосласьцю, сутулаватасьцю і невялічкімі караткавымі ступнямі ног. У рухах жа, бадай што, зусім мала розьніліся ад зямлян: паходка лёгкая, скорая, але не парывістая, а мяккая, элястычная.

Яны лёгка і плаўна, без падкульгаваньня і без валюханьня з боку на бок, ціха й роўненька прайшлі адзін за адным па лагчыне і, павярнуўшыся ўправа, перак невыразнага прызнаку праторанай дарогі, направіліся ў той бок, дзе відалася ў нейкай вылогавіне пяскоў мураваная буда, якая, бадай што, і зьяўляецца іхным каменаломніцкім прыстанішчам у гэтай пустыні, багатай плітамі падатлівага ломцы і здатнага да чоскі на будаўнічы матар’ял мяккаватага каменю, прыгожага сваім бледна-ружовым колерам мармуру.

 

У краінах людзей-марсіян умеркаванарослай белай расы

У паўднёвых лясах вострава (Sirtis)

Цёмна-зялёная пушча магутнарослага густога ігластага лесу, ні то ялавастага, ні то саснавастага бору, пакрываючага плашчагорыстую ўзвыш, раўнамерна паперакрайваную даўгімі роўналінейнымі, побачлежнымі між сабою, страшна глыбокімі крутабярэжыстымі цёмнаводнымі ляснымі азёрамі вады, напамінаючымі сабой некаторыя роўнанапрамкавыя не шырокія, але даўгія і глыбокія скандынаўскія фіёрды, пераквострыя, крутыя, роўныя, сталагорыстыя ўзьбярэжжы гэтых азёр абрасьлі цёмна-зялёным аж да чарнаты густым борам хваявастага лесу, які адбіваецца магутнаю цёмнай сьцяной у гладкіх, што люстра, ціха стаячых водах гэтых нешырокіх, шырынёй як у чвэрць вярсты, даўгіх міжузгорысталесных цёмнаводных лук-фіёрдаў. Толькі там ды сям, як быццам дзеля нейкай разнавыгляднасьці, малююцца сьветла-зялёнымі плямамі на цёмным фоне сьцяны высокага бору, адбіваючыся ў цёмным люстры вады гэтых фіёрдаў, стройнарослыя яваравастыя адзінотныя лісьцястыя дрэвы, быццам нашыя маёвыя бярозкі.

Чым далей на паўдзён ад гэтых цёмнаводных міжлесных лук-фіёрдаў, тым болей, тым часьцей-гусьцей лісьцястага лесу.

На аднэй з палянак лісьцястага лесу сьвяціліся бела-ружаватаю плямай сьцены нейкага невялікага, але прасторнага і прыгожага па форме выгляду сваёй архітэктуры мураванага аднастольнага[9] дому.

Кругом дому зеленавацелі нізкарослыя бухоныя[10] кусты і невысокія лісьцястыя дрэвы нейкага саду. А над домам серабрылася пагоднае марсіянскае неба, у паветры ж адчувалася млява-цёплая лагодная лень вясны.

У бок дому, праз сад, цягнулася шырокая і гладкая пясочнага колеру сьцежка.

У бледна-крэмавых, ружаватага вадценку, невысокіх і гладкіх сьценах гэтага дому цемнавацелі два вялікіх, шырынёй як у сажань, квадратаватых вакны і адны нешырокія, зьлева, ля куту, каштанаватыя дзьверы з прастакутным шырокім ваконцам уверсе. А па-над дзьвярмі ўзвышаўся авальна-прастакуцістым шчытом уверсе франтончык.

Ад вугла дому, дзе былі ўваходныя дзьверы, высоўвалася наўперад нейкая даўгая, даўжынёй каля чатырох ці пяці сажон, такой самай вышыні, як і сьцены дому, глухая, без вакон, бакавая сьцяна нейкай вузкаватакарыдорыстай галерэйкі, канец якой, на ўзбліжжу, заканчваўся такім самым, як і над дзьвярмі дому, гладкасьценным шчытом франтону, у якім прасьвечваўся адкрыты дзьвярны праход, празь які відалася ўсё нутры гэтай галерэйкі, прыпамінаючай нашыя зямныя вэранды або аранжарэі для вазонаў. Бо правая сьцяна гэтай галерэйкі была глухой, безваконнай, а левай сьцяны, якая выходзіла на прыслоньне ў нейкі сад, зусім не было, а ейнае мейсца замяшчалася нейкімі рэдка расстаўленымі чатырохкантовымі, адкосістымі ўнутры, нейкімі чырвонакаменнымі быкамі[11], якія ў сваёй аснове займалі сабой чуць не да асяродку праходу ў гэтым карыдоры.

Як быццам у адказ на зацікаўленасьць ведаць, што там дзеецца ўсярэдзіне гэтага марсіянскага адзінотнага дому, раскрыўся абраз, прадстаўляючы нутро гэтага дому, разам зь ягонымі жыхарамі, у нейкім дзіўным супакойным сьвяточным настроі.

Досыць прасторная, асьветленая зь дзьвюх сьцен, пад кутом, агромнымі вокнамі, гладкасьценная пласкастольная саля[12]. Высокія белыя сьцены гэтай салі аднізу аж пад верх былі абцягнуты, абабіты скрозь, кругом цёмнакалёрыстага тону ўзорыстымі дыванамі. На асяродку гэтай салі стаяў шырокі круглы ці то вельмі васьмінакальны[13] стол, накрыты бледнакалёрыстай з узорамі тканінай, якая зьвісала кругом са столу аж да самага блізка нізу.

Сярод столу стаяў бледна-папеляты, упрыгожаны дробнымі рознакалёрнымі каменькамі стаўбунчык-падбукетнік, над якім красаваўся з ружованькіх, сіняваценькіх і беленькіх дробных кветак букецік. А побач з падбукетнікам стаяла невялічкая белая, як з матованага серабра, упрыгожаная бліскучкамі рознакалёрных камянькоў скрыначка-шкатулка.

А па-за тым круглым сталом сядзелі дзьве белыя, апранутыя ў беласьнежныя ценкатканыя вопраткі, белатварыя, досыць поўныя, умяркованага росту кабеты, галовы якіх былі ўвянчаны нейкімі белымі, зь зелянькавымі і сінявымі каменькамі, дыядэмнымі чапцамі, шмат падобнымі да нашых старасьвецкіх чапцоў, якімі даўней упрыгажалі сабе чало славянскія баяркі.

З усіх павярхоўнавыглядных асаблівасьцяў гэтых дам-марсіянак кідаліся ў вочы… іхныя бязбровыя, ясна-сінія, досыць буйныя, белкаватыя, гледзячыя на поўную раскрытую вясёлку рухавыя вочы, надта ж белыя, далікатнаскурыя, акруглена-поўныя, маладжавыя твары, курнасаватыя, умяркованай велічыні насы, з акругленымі вуснамі вузкаватапроразныя губы, белыя або бледна-папелятыя, пад дыядэмамі, валасы ды надта ж кароткія шыі, робячыя ўражаньне, што іхныя галовы з шыракаватым падбародзьдзем былі прырошчанымі безь ніякай шыі проста да тулава.

Яны непаварушліва сядзелі, пераносячы свой беглы зрок то направа, то налева, і не адна зь іх, з гэтых белых дам, не пакранула галавой, каб павярнуцца ў той ці іншы бок сваім тварам, а толькі вачмі.

У супакойных дабрадушных, а заадно паважных тварах гэтых дзьвюх прадстаўніц людзей-марсіян белай расы адчуваліся нейкая дабрадушная і далікатная прастата і бесклапотлівасьць.

Праз адчыненыя ў куце дзьверы відалася і яшчэ адна невялічкая саля з абцягнутымі, абабітымі скрозь-кругом аднізу аж да самай столі па сьценах цёмнакалёрыстымі бархацістымі дыванамі.

Каля сьцен гэтай салі стаялі ня надта даўгія, але шырокія, безь ніякіх адвалаў, пакрытыя такімі ж самымі дыванамі, як і на сьценах, мяккападушыстыя канапы.

Узоры гэтых дываноў, як давялося да іх бліжэй прыгледзецца, складаліся не з геамэтрычнай, а з крываконтурнай арнамэнтацыі са стылізаванага цёмна-зялёнага лісьця нейкай шырокалісьцястай расьліны з бледна-жаўтаватымі аблямоўкамі на цёмна-вішнёвым фоне.

 

Што бачана ў краінах звычайнарослых марсіян белай расы яшчэ

Жывёлы

Бачыў галаву бяспоўстага, галаскурага мядзьведзя: морда караткавая і акруглістая, як у прыгожа складзенага нашага быдловага сабакі; вушы куртатыя, як у мядзьведзя; лоб шыракаваты, акруглясты і выпуклы; вочы круглыя, буравата-шэрыя, без сукосных проразяў, а выраз воч досыць лагодны, або, як кажуць, разумны.

Карак-шыя тоўсты, круглы, як у добра адкормленага асмалёнага парсюка.

Скура зямлістага колеру, зь нераўнамернымі цёмна-бруднымі плямамі на ёй, прыпамінаючая гладкую і таўстую абязшэршчаную скуру заколатага і асмаленага добра адкормленага парсюка, па аскробцы яго ад асмолу.

__________

Гэтакага ж самага, галаскурага, мядзьведзя бачыў і ў другі раз — і цалкам ува ўвесь рост ягоны, але добра разгледзець ягоны павярхоўны выгляд не давялося, бо гэтая жывёла знаходзілася ў нейкім занадта цемнаватым памяшканьні, дзе яна стаяла ў нейкім застойку і нешта ела пастаўленае ёй з карыта, якое знаходзілася пастаўленым не на зямлі, а шмат вышэй, так, каб гэтая жывёліна не патрабавала схіляць сваёй галавы пры ядзе.

Велічыня гэтай чатырохногай жывёліны, як відалася, у вышыню каля мэтра бяз чвэрці, а ў даўжыню каля мэтра зь лішнім.

__________

А побач з гэтым бяспоўстым мядзьведзем, у нейкім іншым цемнаватым памяшканьні, стаяла і таксама ела з узьнятай галавой таксама чацьвяраногая, але нашмат большая за першую, нейкая даўгая чорная жывёла, шмат чым падобная да нашай зямной каровы і тэй даўгой чорнай каровы, якую пазьней бачыў запрэжанай у нейкую шырокую двухколую арбу.

У краінах расы чырвонаскурых безвалосых сутулаватых буйнарослых марсіян

Самнамбулістычна-тэлевізійныя[14] эскізы

…Дзень быў пагодны, на воддальлі серабрылася яснае неба.

Між выпуклястымі калёнамі тэй калянаднай бясстрэхай будоўлі бегалі і расхаджавалі, мітусіліся ў руху сваім каранастыя шэрыя фігуры невялічкага росту круглагаловых, круглалікіх, курнасаватых, сьветла-папелятатварых, сіваватавалосых, апранутых у нейкія шэрыя махнатарукавыя каптаны чалавекападобных істот, якія па свайму шалаўліваму руху прыпаміналі нашых школьных дзяцей-падуросткаў у часіну міжлекцыйнай пярэрвы. Мармуровы палац-галерэя ў экватарыяльнай краіне на Марсе. 1931

Скора, нябаўна ўся гэтая суматошна-рухавая кумпанія раздваілася на дзьве роўныя староны ды, сьпешна разьбегшыся на бакі, сьціхамірыўшыся, расьселася па падкалёньню ў рады і супакойна, уважна зьвярнула свае бледна-папялястыя, як быццам крыху скуластыя круглаватыя твары ў адзін бок, наўперад, на асяродак калянаднай алеі, на якой паявілася досыць вялікая шэрая чалавекападобная фігура, якая ціхай супакойнай хадою ўзыйшла на асяродак шпалеры з пасядаўшымі ў два рады па бакох тымі круглалікімі ліліпутамі, бо ў параўнаньні зь імі фігура гэтага чалавека здавалася проста веліканам.

Яшчэ хвілінка — і я выразна ўбачыў скрозь шырачэзныя квадратныя міжтрымныя адтуліны, як перад маім ваччу прайшоў унізе між калёнамі і пасеўшымі ля іх радамі тымі ліліпутамі агромнага росту сутулаваты чалавек, апрануты ў гладкі шэры безрукавы плашч-ратонду. Фігура гэтага чалавека-велікана прадстаўляла сабой або надта сутулаватага, або зусім бяз шыі.

Колёр скуры ягонага твару быў чырванавата-жоўтым — так, як адваротная мездравая старана сухой старой бяросты. Ён быў даўгалік, даўганос і зусім безвалосым. Ягонае адсядзіста-выпуклае чало было шырокім, але, прапарцыянальна даўжыні твару, не высокім. Ягоныя вочы з гарызантальнымі, але надта ж вузкімі проразямі. Бровы чорныя, ценкія, дугавастыя, як сярпкі ветаха ці маладзіка. А між бровамі і вузкімі проразямі воч — гладкаватыя і шырокія праміжуткі. Нос роўны, на пераносіцы цянклявы, кнізу таўсьцейшы і надта ж даўгі. Проразь губы і таўшчыня вусен умеркаваныя. Але падбародак зусім мала прыкметны. Побач з падбарод[кам] як быццам абвісалі досыць поўныя пацяглавата ссунутыя шчокі. Вушэй жа добра не падмеціў — магчыма, што надта сплошаныя і прылёгшыя. На экватары. Марсіянін-педагог жоўта-бронзавай расы. 1931 (?).

Скуластасьці твару ды сукоснасьці вачных проразяў, як і броў з узьнятымі вонкавымі накаламі[15], — што можам наглядаць у тыпах нашай зямной жоўтай, т. зв. мангольскай, расы, — не відалася ані крыху.

З валасістага абрасьцьця, як валасы, барада ды вусы, апрыч ценкіх чорных броў, не відалася і прызнаку, як не відалася таксама, ці ягоная галава мела хоць бы кароткую шыю, на якой бы магчыма было паварачваць галаву незалежна ад тулава, ці была проста прыросшай да апошняга безь ніякай шыі.

Рух паходкі ягонай быў ціхі і роўны, паважны і да таго плаўны, што корпус ідучага рабіў уражаньне не як ідучага, а як плывучага стоючы на ціха плывучым чаўне.

У выразе твару гэтага дзіўнага задумчывага чалавека сьвяціліся прызнакі адсутнасьці нястрыманых корцяў, уступіўшых сваё мейсца супакойнай паважнай сталасьці, цярплівасьці і розуму глыбока мысьлячага чалавека.

Як ні экзатычнымі здаваліся рысы твару ягонага, аднак жа ў міне ягонай адчувалася нешта свойскае, далікатнае, сымпатычнае.


  1. Ад “залачаць” — світаць.
  2. Досвіткам.
  3. Ценю.
  4. Мачты.
  5. Высакабортнага.
  6. Упоперак.
  7. Падобныя да стагоў.
  8. Хутка.
  9. Аднапавярховага.
  10. Пышныя.
  11. Прамежкавымі апорамі.
  12. Зала.
  13. Васьмікутны.
  14. Тэлевізійны — ад лац. televisio — далёкабачанне.
  15. Куткамі.