Беларуская English Русский

Паэма Язэпа Драздовіча “Трызна мінуўшчыны”

У гісторыі кожнага народа ёсць асобы, на спасціжэнне маштабу якіх патрабуецца не адно стагоддзе. Сярод такіх асоб – Язэп Драздовіч. Сапраўдны homo universalis, шматгранны талент, беларускі Леанарда да Вінчы, “павятовы Мікеладжэла”, які, нягледзячы на складаныя варункі жыцця, нястачу і неўладкаванасць, не адмовіўся ад мастацтва, не адмовіўся ад самой ідэі служэння прыгожаму, не страціў веры ў будучыню свайго народа і сваёй Радзімы і не губляў надзеі ў тое, што калі-небудзь беларусы ацэняць дзейнасць свайго земляка. “Мяне яшчэ пашукаюць…”, – пісаў Язэп Драздовіч у сваіх “Дзённіках”, і меў рацыю: да творчага набытку “вечнага вандроўніка” звяртаюцца як даследчыкі, так і людзі, захопленыя Драздовічам, глыбінёй ягонага таленту. І людзі навукі, і аматары мастацтва спрабуюць асэнсаваць унёсак Язэпа Драздовіча ў развіццё беларускай культуры. А гэты ўнёсак – немалы: акрамя жывапіснай і графічнай спадчыны мастак пакінуў пасля сябе літартурныя творы, большасць з якіх не надрукаваныя і чакаюць свайго часу, фалькларыстычныя запісы, багаты сабраны слоўнікавы матэрыял… Гэты пералік можа доўжыць бясконца. І, калі іпастась Драздовіча-мастака добра вядомая, то іншыя іпастасі, хочацца верыць, яшчэ будуць раскрытыя…

Драздовіч-паэт… Пісаць вершы Язэп Драздовіч пачаў яшчэ ў “падурослыя леты”, і ад свайго імкнення выражаць думкі не толькі фарбай, але і ў паэтычным слове не адмовіўся і ў сталыя гады. У паэтычнай спадчыне Язэпа Драздовіча можна знайсці радкі, прысвечаныя ягонай улюбёнай тэме, тэме Космасу, які падаваўся Драздовічу таямнічым і зразумелым адначасова. Як і жывапісныя палотны, вершы на касмічную тэму вылучаюцца асаблівай філасафічнасцю: Драздовіч адчувае – чалавек заўсёды ў дыялогу з Космасам, чалавек сам – цэлы Космас, і ягонае жыццё так нагадвае жыццё касмічных свяціл. Спачатку ён – маладзік, у росквіце – поўня, і ў рэшце рэшт – ветах:

Ізноў па поўням мне свеціць
Скрозь шыбы ясны веташок.
На цёмным небе след свой меціць,
Як пазалочаны ражок.
Скажы мне, ветах-веташок,
Куды імкнешся ты, дружок?..
Мо як і я імкнешся ты,
Што й сам не ведаеш куды?..
Ты будзіш думак маіх рой:
Сягодня ты ў маім акне, 
А заўтра гэткаю парой
Мо й не засвеціш ужо мне?..
О, мы з табой па поўнаце жыцця,
Здаецца, быццам харашэем:
Іграем роль здавольнага гасця – 
Штодзень, аднак жа, “веташэем”.

Ці не ветахам уяўляў сябе і Язэп Драздовіч? Ветахам, які, тым не менш, заўсёды адраджаецца зноў. Гучаць у вершах Язэпа Драздовіча і ноткі адзіноты, адчаю, стомленасці. Шмат ужо напісана пра складаныя ўмовы жыцця мастака, ды ён і сам не хаваў сваёй адзіноты, беспрытульнасці і галечы. Такія вершы – гэта маленькія споведзі, у якіх, як на далоні, бачна ўсё жыццё пісьменніка і мастака. Шчыра, эмацыянальна і крыху наіўна піша аб гэтым Драздовіч:

Я – з вечна вандроўных, бяздомных людзей,
Што ўласнага куту не маюць,
Што не маюць сям’і, ні жон, ні дзяцей,
Сіратліва сябе адчуваюць.
Адчуваюць сябе сіратой,
Ні кала, ні машыны не знаюць
Па дарогах брыдуць пехатой,
З хатулём на плячах кавіняюць.

Галоўная ж тэма ўсёй творчасці Язэпа Драздовіча – гэта, безумоўна, Беларусь (нават касмічныя краявіды Драздовіча, якія ён бачыў падчас сваіх касмавізій, да болю нагадваюць родныя мясціны), яе мінулае, без разумення і ўсведамлення якога абсалютна немагчыма будаваць будучыню. Менавіта гэтаму прысвечаны самы значны паэтычны твор Язэпа Драздовіча – паэма “Трызна мінуўшчыны” (1936-1937). Трызна – заключная частка пахавальнага абраду ў старажытных славян, якая суправаджалася ваеннымі спаборніцтвамі, песнямі, танцамі, а таксама памінальнай вячэрай па нябожчыку. У хрысціянскія часы абрад трызны захаваў толькі традыцыі памінальных песень і вячэру. Паэма Язэпа Драздовіча – не што іншае, як памінальная песня, плач па Беларусі. Аднак, згодна з вераваннямі старажытных славян, гэтак жа, як і паводле хрысціянскіх пастулатаў, чалавечая душа – несмяротная і можа адрадзіцца. Таму абрад Трызны не ўспрымаецца як заканчэнне. Так і Беларусь, якая развіталася з (хоць і слаўным) мінулым, чакае светлая будучыня.

Нібы старажытны Баян, Драздовіч у сваім творы выкладае трагічную гісторыю краіны ад першабытных часоў да часоў рэвалюцыйных пераўтварэнняў. І, як і патрабуецца ад Баяна, ён стварае песню (нездарма першапачатковая назва паэмы “Песні аб мінуўшчыне”). На песенны склад паэмы ўказвае і былінны верш, якім напісаны твор. Гэтая вершаваная форма характэрна для народнага вершаскладання, для вусна-паэтычнай творчасці. Складваецца ўражанне, што Драздовіч сабраў у адно цэлы шэраг народных песень: гістарычныя, антыпрыгонніцкія, батрацкія, рэкруцкія. Па словах Юрыя Малаша, які адным з першых звярнуўся да літаратурнай спадчыны мастака, “вусна-паэтычная форма выкладання паэмы памагае нам найлепш адчуць мелодыю тых старажытных часоў”. Былінны верш абумоўлівае не толькі напеўнасць твора, але і ўплывае на кампазіцыю паэмы. Як водгулле старажытных былін, гучаць у “Трызне мінуўшчыны” эпіграфы-зачыны, якія настройваюць чытача на паэтычны лад і толькі акрэсліваюць тэму, прапаноўваючы прачытаць, падумаць, асэнсаваць словы пісьменніка:

Сярод пушч-лясоў па-над водамі,
Дзе жылі калісь людзі родамі,
Рыбаловілі ды змагаліся,
Гарадзішчаў сляды пазасталіся…

Паэма Язэпа Драздовіча – падарожжа ў гісторыю Беларусі, пісьменнік не адкрывае нічога прынцыпова новага ў пытанні гістарычнага развіцця, не дэталізуе гістарычную канкрэтыку, а спрабуе перадаць напружанасць і драматычнасць гісторыі Беларусі.

Свой “экскурс” у мінулае Язэп Драздовіч распачынае з першабытных часоў, з апісання ладу жыцця нашых прадзедаў. Ладу жыцця, які грунтаваўся на гармоніі суіснавання чалавека з чалавекам і чалавека з прыродным светам. У апісаннях быту старажытных беларусаў, якія трапілі на нашыя землі воднымі шляхамі, няма дакладнасці і навуковай выверанасці. Наадварот, быццё нашых продкаў – казка, у якой няма зла, няма гора, няма смерці (нават трызны суправаджаюцца вясёлымі песнямі):

Паміж селішчаў з гарадзішчамі
Весяліўся народ  Твой ігрышчамі.
Весяліўся-гуляў карагодамі,
Дружбы дух падтрымаў паміж родамі.
(…)
Весяліліся, мёд збіраючы,
Дзядоў-прадзедаў памінаючы.
Хто й радзіліся, хто й жаніліся,
Хто й памёр, па ім весяліліся.
Весяліліся, Трызны правячы,
Валатоўкі магіл нарываючы…

Цікава, ці усведамляў сам Язэп Драздовіч, што здолеў так яскрава выразіць народныя ўяўленні аб старадаўніх часах, пра сябе, свет і сябе ў свеце?

Наступны перыяд у гісторыі – гэта працяг “залатога веку”, час станаўлення беларускай дзяржаўнасці, час росквіту магутнай, незалежнай краіны, якая можа пахваліцца і поўнай казной, і развітой мовай, і палітычным ладам:

Твая грамата была рунамі,
А казна Твая была кунамі.
Гарадзішчамі  Ты ўкраплялася,
Вечам-сходам спрадвек упраўлялася.
Мы былі  ў Табе правадаўцамі,
А князь з выбарным – выканаўцамі.

Не адставала і ваенная сфера – старажытная Беларусь магла пастаяць за сябе. Мужныя волаты, якіх на барацьбу склікаў звон-ізбор, заўсёды гатовыя былі бараніць Бацькаўшчыну. І, нягледзячы на тое, што многія гінулі ў крывавых баях, не было яшчэ ў душы беларуса месца песням-жальбам.

Але “залаты век” неўзабаве скончыўся. Падзеі пачалі змяняцца з неверагоднай хуткасцю: мінула слава старажытнага Полацка і ягоных гарадоў-братоў непакорных, велічны Наваградак саступіў “пасад места стольнага” Вільні, а Вільня, у рэшце рэшт, пакарылася спачатку Варшаве, потым – Пецярбургу… Такі “калейдаскоп” падзей узмацняе адчуванне злому, заняпаду краіны.

І прайшлі вякі даўняй вольніцы,
Калі кожны быў у супольніцы,
Калі лес, зямля былі Божымі:
Ні прыватнымі, ні варожымі.
Калі ўсе ўсім карысталіся
Ды ў правах сваіх вечаваліся.
Вечам правілі-справаваліся,
Пад прымус ярма не даваліся.

І вось яны, песні-жальбы, народжаныя з бяспраўя, з прыгнечанасці як усёй Беларусі. Язэп Драздовіч падае невялікія замалёўкі з жыцця беларуса. Кожная такая замалёўка – і ёсць тая самая песня-жальба. Тут і скаргі на цяжкую працу батрака, і паказ бяссіля прыгонніка, і выкрыццё заможнага жыцця паноў, крывадушнасці законнікаў і хцівасці карчмара, і боль рэкрута, якому зламалі жыццё:

Я – салдат-ветэран
Дваццаць лет праслужыў цару Мікалаю,
Перанёс я нямала і здзекаў, і ран,
А на старасці лет, як жабрак,
Валачуся па роднаму краю.

І нават кароткі перыяд “папрыгоння” не прынёс палёгкі – новыя парадкі прыцягнулі з сабой новыя нягоды. Разам з тым, менавіта ў гэты час нарастае прага зменаў, абуджаецца думка і пачуццё годнасці:

Лепш не мець зямлі, ды быць вольнымі,
Чым на ўласнасці – паднявольнымі.

Абудзіць нацыянальную самасвядомасць, думку – галоўная задача ўсёй творчасці Язэпа Драздовіча. А адным з самых дзейсных спосабаў вяртання пачуцця нацыянальнай і чалавечай годнасці з’яўляецца актуалізацыя гістарычнай памяці. Сапраўднай аўтарскай знаходкай з’яўляецца дыялагічная форма выкладу: аўтар увесь час звяртаецца да Беларусі, якая забылася пра сваю мінулую славу і якой неабходна нагадаць аб былой велічы. Уласны лёс павінен уразіць, здзівіць і абудзіць самыя лепшыя пачуцці. Праз гутарку з Беларуссю Драздовіч гутарыць з кожным беларусам.

Старана мая, старасвецкая, 
Ты была калісь маладзецкая.
Ты была калісь маладзецкая,
І адважная, і лавецкая.
Са звяр’ём з ражном – паляўнічая, 
З лютым ворагам – ваяўнічая.
Ваяўнічая ды харобрая,
З кім – у загрудкі, а з кім – добрая.
У правах сваіх вечавалася,
Пад прымус ярма не давалася.
Не здавалася, не карылася,
З лютым ворагам не мірылася.
Не мірылася – адбівалася,
За чужой спіной не хавалася.
Не хавалася, не прасілася,
Колькі сіл было – баранілася.

Паэма “Трызна мінуўшчыны” так і не была надрукавана пры жыцці пісьменніка (асобныя раздзелы паэмы пабачылі свет толькі ў 1993 годзе ў газеце “Выбар”). У пачатку 1937 года аўтар адаслаў тэкст паэмы ў часопіс “Беларускі летапіс”, але ў публікацыі Драздовічу было адмоўлена (у лісце з рэдакцыі Максім Танк раскрытыкаваў твор). Ці варта пагаджацца з меркаваннем славутага паэта, кожны чытач вырашае сам, але ў той жа час успамінаюцца словы Алеся Разанава: “Верш значны не гукам, які чуваць, пакуль верш чытаецца, а сваім рэхам, якое ён утварае, калі адгучыць”. Можа, варта і нам прыслухацца да рэха з мінулага?