Беларуская English Русский

Містыка

Сімвалісцкія карціны Драздовіча, духоўныя пошукі мастака і яго эпохі

Зерне цікавасці да філасофіі Усходу ў пачатку 20-х на віленскім грунце пасеяў Ігнат Канчэўскі. Выпускнік Маскоўскага універсітэта, рамантык па натуры, у паэзіі Канчэўскі быў схільны да філасофіі, цікавіўся рознымі яе плынямі. Праўдападобна, гутаркі з Канчэўскім або з кім-небудзь блізкім да яго, найхутчэй з Самойлам, навялі мастака на думку стварыць аркуш «Нірвана». Тэма, да якой звярнуўся Драздовіч, — не новая ў гісторыі сусветнага мастацтва. Яе асэнсоўвалі мастакі розных эпох і розных народаў. Кожны з іх па-свойму ўвасабляў паняцце аб шчасці, якім яно склалася ва ўяўленні народаў Індыі і Кітая.

Язэп Драздовіч звяртаецца да містычных вобразаў у карцінах «Пагоня Ярылы» (1921 г.), «Алегорыя (прывід)» (1925), «Пагоня» (1927 г.), «Дух зла» (1930 г.), «Дух цемры» (1932 г.), «Нірвана» (1925 г.).

Схільнасць Я. Драздовіча да арнаментацыі і містыкі – хутчэй за ўсё прымета часу, самаадчування ў ім мастака і ўвогуле чалавека.

Культура мадэрна вылучаецца імкненнем да сінтэзу розных стыляў і формаў, тэндэнцыяй да сінтэзу традыцый Захаду і Усходу. Цікавасць да ўсходніх ідэй з’яўляецца ўстойлівай дамінантай тагачаснага еўрапейскага мастацтва.

    Крыніцы:
  1. Арсень Ліс. Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча
  2. Л. У. Вакар Тыпалагічныя метамарфозы Язэпа Драздовіча // Язэп Драздовіч - асоба, творчасць. Мастацтва – інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канферэнцый