Беларуская English Русский

Дываны ад Язэпа Драздовіча

Значную частку творчай спадчыны гэтага мастака збераглі вяскоўцы

У вяскоўцаў — сваё разуменне прыгажосці. І ў хаце маёй бабулі, помніцца, тканыя дываны заўсёды віселі над ложкамі. Прычым адзін з іх — вышываны: старэнькі і досыць патрапаны, ён і цяпер пыліцца недзе ў бацькавым гаражы. А вось маляваныя дываны, гэткі хатні від мастацтва, мне ўпершыню давялося пабачыць нядаўна — на выставе “Беларуская маляванка” ў мінскай “Гасцёўні Уладзіслава Галубка”.

Вядомыя з канца XІХ стагоддзя, маляваныя дываны былі ў вялікай модзе, як цяпер сказалі б, у 30-50-я гады. Іх лічаць адным з самых папулярных відаў народнай размалёўкі. Перабудоўвалася вёска, паляпшаўся інтэр’ер сялянскага жытла — патрэбны былі і новыя віды дэкору. І дываны маляваныя ў вяскоўцаў лічыліся прыкметай дабрабыту, нават шыку — як сёння для каосьці камп’ютар ці аўто. На кірмашах заходнебеларускіх мястэчкаў, згадваюць старажылы, платы былі абчэплены мноствам такіх твораў. А па вёсках хадзілі мастакі, малявалі дываны на заказ.

І Язэп Драздовіч, вядомы сёння як майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пісьменнік, настаўнік, фалькларыст, этнограф, таксама хадзіў “у народ”. Быў адным з першых сярод мастакоў-прафесіяналаў, хто маляваў дываны. І менавіта яго працы з фондаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” былі на выставе “Беларуская маляванка”.

Прыгажосць казачная! Шкада, што арганізатары выставы не паставілі ў зале пад дыванамі ложкі. Вось бы прылегчы, як некалі дзяды нашыя, пад гэтымі вялікімі жывапіснымі палотнамі з рамантычнымі замкамі, вясёлымі казачнымі героямі, яркімі птушкамі і раслінамі… І паразважаць: над жыццём мінулым і сённяшнім, над яго сэнсам і сакрэтамі шчасця… Прылегчы і ўявіць, як хадзіў у перадваенны час з вёскі ў вёску дзядзька Язэп, і пакідаў людзям на памяць дываны, напісаныя алейнымі фарбамі на саматканым ільняным палатне чорнага колеру. Тварыў жа не толькі дзеля заробку, але і каб развіваць у жыхароў глыбінкі эстэтычны густ, і ў нейкім сэнсе дзеля “асветы мас”. Увасабляў не толькі свае фантазіі, мару народа пра шчаслівае, “райскае” жыццё, жывапісныя краявіды сваёй радзімы, але і багатую гістарычную спадчыну свайго народа. І асноўныя сюжэты дываноў Драздовіча — начныя пейзажы з выявамі сярэднявечных замкаў ці рэлігійных помнікаў: “Замак над возерам”, “Касцёл у Задарожжы”… Яны так хораша перадаюць загадкавасць, таямнічасць, рамантычнасць даўняй Беларусі.

"Поўня над замкам" Язэп Драздовіч 1934 г. Памер 143 х 182 см.
 

Калі ж прыгледзецца, то бачна: у цэнтры дывана ёсць акно, ці срэднік у форме нейкай геаметрычнай фігуры (круг, квадрат, шматвугольнік), у ім — сюжэт твора. Ёсць бардзюр, гірлянды з кветак, садавіны, лісця ці матылькоў, якія акаймоўваюць акно. І такое ўражанне, што праз фіранку відаць дарога ў дзівосныя сны, мары, рамантычныя эпохі. А ў самым версе твора — ініцыялы гаспадыні, для якой дыван створаны.

“Каштоўнасць такіх дываноў і ў тым, — тлумачыць даследчык творчасці Язэпа Драздовіча Юрась Малаш, — што аўтар спалучае народныя вобразы з элементамі мадэрновага стылю. Да прыкладу, кветкі, якія акаймоўваюць акно дываноў, знаходзяцца ў Драздовіча ў моманце грандыёзнага развіцця: ад маленькіх да вялікіх. І намаляваны так, што хочацца дакрануцца да іх, памацаць, узяць у рукі…

Майстар не паўтараецца. У кожнага дывана — а ў калекцыі музея-запаведніка іх звыш трыццаці — свая стылістыка, тэхніка выканання, непаўторныя ўзор і сюжэтная лінія. Дываны Драздовіча даследчыкі і мастацтвазнаўцы па праву называюць вялікай культурнай каштоўнасцю. Яны неаднаразова выстаўляліся ў розных гарадах Беларусі і замежных краін.